Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі 5 чэрвеня заявіла, што яно дасягнула лякальнага спыненьня агню паблізу акупаванай Расеяй Запароскай АЭС, і гэта адкрыла магчымасьць адрамантаваць лініі электраперадачы, каб перадухіліць пагрозу ядзернай аварыі.
Згодна з паведамленьнем, тэхнікі з абодвух бакоў пачнуць рамонт пашкоджаньняў, зьвязаных з вайной, на лініі электраперадачы 750 кВ «Дняпроўская» неўзабаве пасьля шырокамаштабнага разьмінаваньня тэрыторыі.
МАГАТЭ адзначыла, што лінія была адключана больш за два месяцы таму, у выніку чаго найбуйнейшая ў Эўропе атамная электрастанцыя цалкам залежыць ад рэзэрвовай лініі 330 кВ для атрыманьня электраэнэргіі, патрэбнай для астуджэньня шасьці спыненых рэактараў. Апошнімі тыднямі станцыя некалькі разоў траціла доступ да гэтай лініі, што прымусіла выкарыстоўваць аварыйныя дызэль-генэратары, паведаміла агенцтва.
МАГАТЭ дадало, што гэта шостае часовае спыненьне агню вакол Запароскай АЭС з канца мінулага году.
Шэсьць рэактараў Запароскай АЭС знаходзяцца ў стане халоднага спыненьня з 2022 году, калі станцыю акупавала Расея. МАГАТЭ пастаянна прысутнічае на аб’екце для кантролю бясьпекі падчас абстрэлаў.
Расейскія войскі захапілі найбуйнейшую ў Эўропе атамную электрастанцыю з шасьцю рэактарамі ў першыя тыдні пасьля ўварваньня Масквы ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Станцыя не выпрацоўвае электраэнэргію. Украіна і Расея рэгулярна абвінавачваюць адна адну ў баявых дзеяньнях паблізу станцыі, якія пагражаюць ядзернай бясьпецы.
Чаму гэта важна?
Становішча на Запароскай АЭС надзвычай важнае для бясьпекі і жыцьця ў рэгіёне. Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна знаходзіцца пад абстрэламі, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
У ліпені 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі. Расея праігнаравала ўсе патрабаваньні і рэзалюцыі.
Пры гэтым энэргіяй станцыю сілкуе Ўкраіна, а не Расея, якая акупавала Энэргадар. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ўкраінскія энэргетыкі ўжо 42 разы аднаўлялі лініі электраперадачы, якія падтрымліваюць забесьпячэньня Запароскай станцыі. У кастрычніку 2025 году Ўкраіна зноў аднавіла сілкаваньне ЗАЭС, якая месяц цалкам была адключаная ад электраэнэргіі.
Акрамя таго, вядома, што на Беларускай АЭС у Астраўцы на момант пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Ўкраіны працавалі прыблізна 30 адмыслоўцаў з Запароскай АЭС. Цяпер яны атрымліваюць беларускае грамадзянства або вяртаюцца на захопленую Расеяй атамную станцыю ў Энэргадар як супрацоўнікі карпарацыі «Росатом».