Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова пакрывае ўжо чвэрць энэргетычных патрэбаў з аднаўляльных крыніц. Але ці ня стане Кітай новай крыніцай залежнасьці замест Расеі?

Найбуйнейшая ў Малдове сыстэма захоўваньня электраэнэргіі, Страшэнски раён
Найбуйнейшая ў Малдове сыстэма захоўваньня электраэнэргіі, Страшэнски раён

Да нядаўняга часу Малдова практычна цалкам залежала ад паставак расейскага газу, у тым ліку для вытворчасьці электраэнэргіі на разьмешчанай у Прыднястроўі цеплавой электрастанцыі. Аднак у Малдове за апошнія гады адбыўся хуткі рост вытворчасьці энэргіі з аднаўляльных крыніцаў.

Рост з трох працэнтаў да чвэрці патрэбаў

З прыблізна 3% ад ўласных патрэбаў у 2020 годзе Малдова павялічыла гэтую вытворчасьць да 1023 МВт у красавіку 2026 году, здолеўшы пакрыць 25% свайго спажываньня. Як паведаміла Міністэрства энэргетыкі краіны, галоўным чынам гэта адбылося дзякуючы сонечным (фотаэлектрычным) электрастанцыям і ў нязначнай ступені дзякуючы ветраным турбінам.

Лічба ў 25% ніжэйшая за сярэдні паказьнік у краінах Эўрапейскага зьвязу, якія ўжо ў 2024 годзе ў сярэднім пакрывалі 47% сваёй патрэбы ў электрычнасьці з аднаўляльных крыніцаў. У Літве гэты паказьнік цяпер ужо вышэйшы за 80%, а ў такіх краінах Эўрапейскай эканамічнай прасторы як Ісьляндыя і Нарвэгія ён набліжаецца да 100%. Але пры гэтым у Беларусі летась менш за 7% патрэбаў у электраэнэргіі пакрывалася з аднаўляльных крыніцаў, паводле інфармацыі МАГАТЭ.

Кітайскія тэхналёгіі дамінуюць

Цяпер Малдова сьпяшаецца ўхваліць будаўніцтва новага фотаэлектрычнага парку вялікай магутнасьці і вызваліць ад падаткаў імпарт ветраных электрастанцый і акумулятараў. Аднак Эўразьвяз папярэджвае, што краіна рызыкуе атрымаць новую залежнасьць – ад кітайскіх тэхналёгій.

29 траўня Міністэрства энэргетыкі Малдовы абвясьціла, што пачало ўзгадненьне будаўніцтва новага парку з вызначанай магутнасьцю 30 МВт і камплектам акумулятараў для захоўваньня энэргіі ёмістасьцю 60 МВт·г.

А раней у Малдове ў Страшэнскім раёне ўжо была пабудаваная сыстэма назапашваньня энэргіі з акумулятарамі магутнасьцю 60 МВт·г. Праектам займалася кампанія Zaw Energy з інвэстыцыямі кампаній Lumina Noastră, GS Blue Electric і Kaliope Energy. У праекту два кітайскія партнэры – Jinko Solar і Huawei. Апошняя пастаўляла інвэртары для энэргасыстэмы.

Інвэртары, ключавы кампанэнт фотаэлектрычных або ветраных электрастанцый, пераўтвараюць пастаянны ток, які станцыі выпрацоўваюць, у пераменны ток, які выкарыстоўваецца ў электрычнай сетцы. Інвэртары лічацца «мозгам» электрычных сыстэмаў.

Падлучаныя да інтэрнэту, яны могуць быць даступныя дыстанцыйна для абслугоўваньня і абнаўленьня праграмнага забесьпячэньня, але экспэрты ў кібэрбясьпецы папярэджваюць, што хакеры або варожыя дзяржаўныя суб'екты могуць выкарыстаць іх, каб выклікаць масавыя адключэньні электраэнэргіі па ўсёй краіне.

Эўразьвяз супраць Huawei

У пачатку траўня Эўрапейская камісія заявіла, што з лістапада 2026 году заблякуе набыцьцё за грошы ЭЗ кітайскіх сонечных тэхналёгій праз занепакоенасьць тым, што інвэртары ад такіх пастаўнікоў як Huawei выкарыстоўваць небясьпечна.

Кіраўніцтва Кітая выказала пратэст супраць плянаў Эўракамісіі, а Huawei заявіла, што «любая заканадаўчая прапанова, накіраваная на абмежаваньне або выключэньне пастаўнікоў, якія не ўваходзяць у ЭЗ, на падставе краіны паходжаньня, замест таго, каб грунтавацца на канкрэтных доказах і тэхнічных стандартах, парушае асноўныя прававыя прынцыпы ЭЗ справядлівасьці, недыскрымінацыі і прапарцыйнасьці».

«Мэта апраўдвае сродкі»

Прадстаўнік кампаніі Lumina Noastră Думітру Плэмэдзялэ заявіў Малдоўскай службе Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, што кітайскія тэхналёгіі «больш прасунутыя, цана разумная, а ўмовы пастаўкі больш зручныя», што робіць эўрапейскія альтэрнатывы «неканкурэнтаздольнымі».

Больш дарагія інвэстыцыі, у тым ліку ў інвэртары, прывядуць да павышэньня тарыфу для насельніцтва. «Тут мэта ўжо апраўдвае сродкі», – кажа Плэмэдзялэ. Ён запэўнівае, што Lumina Noastră прыняла меры, каб гарантаваць бясьпеку сваіх электрастанцый, у тым ліку з дапамогай мясцовага праграмнага забесьпячэньня, акрамя кітайскага.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG