На фэйсбук-старонцы Любові Санкевіч блізкія напісалі пра як сьмерць. Як вынікае з допісу, яе пахавалі 27 траўня.
Любоў Санкевіч стала вядомай яшчэ ў 2003 годзе, калі трымала галадоўку пратэсту супраць звальненьня з працы. Нашмат пазьней, 22 чэрвеня 2017 году Беларусь убачыла яе ў інтэрвію на пікеце салідарнасьці ў Менску, дзе яна публічна папрасіла прабачэньня за тое, што ў 1994 годзе галасавала за Аляксандра Лукашэнку.
Па вяртаньні ў родны Бабруйск на вакзале пэнсіянэрку затрымалі міліцыянты і павезьлі ва ўправу складаць пратаколы. Там спадарыні Санкевіч стала блага, яна выклікала хуткую дапамогу і трапіла ў лякарню, зь якой выйшла пазьней.
Любоў Санкевіч расчаравалася ў Лукашэнку таму, што ягоныя словы ніяк не адпавядалі дзеяньням. Бухгальтарка паводле прафэсіі, яна бачыла неадпаведнасьці ў лічбах, эканамічных паказьніках, на што й зьвяртала ўвагу грамадзтва.
«Калі б не карупцыя, якую разьвёў Лукашэнка вакол сябе, мы жылі б як у Эўропе. Грашовыя ўклады не вярнуў, кватэру, якую я атрымала яшчэ ў СССР, даводзіцца выкупляць», — гаварыла яна Свабодзе ў 2017-м.
Жанчына выйшла на пэнсію ў Бабруйску, дзе працавала бухгальтаркай на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. У 2003-м годзе яе звольнілі з працы, і яна пачала судзіцца, бо ўважала пастанову аб звальненьні незаконнай. Санкевіч гаварыла, што кіраўніцтва звольніла яе за тое, што яна спрабавала выкрыць факты раскраданьня маёмасьці і розных злоўжываньняў у на прадпрыемстве. А затым абвясьціла галадоўку, заявіўшы пра фальсыфікацыю сваёй судовай справы. Яна сьцьвярджала, што Міністэрства юстыцыі, куды яна скардзілася, нават не запатрабавала з Бабруйску ўсіх патрэбных папераў, каб сапраўды разабрацца.
Сын Любові Санкевіч хадзіў у адну клясу з сынам былой кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, але тая аднойчы адмовіла ёй у юрыдычнай дапамозе.
Любоў Санкевіч расказвала пра выпадкі хабарніцтва ў родным горадзе, была яна актыўнай і палітычна — працавала назіральніцай на выбарах, гаворачы пра падтасоўкі і фальсыфікацыю вынікаў. Уваходзіла ў «Грамадзянскую ініцыятыву супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры», ладзіла пікеты як у Бабруйску, гэтак і ў Менску. Неаднойчы трапляла за гэта ў суд, дзе ўлады прысуджалі ёй штрафы.
Форум