Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла беларуская паэтка Раіса Баравікова. У 2020-м яна падпісала ліст да ўлады з патрабаваньнем спыніць гвалт

Раіса Баравікова, архіўнае фота
Раіса Баравікова, архіўнае фота

26 траўня на 80-м годзе жыцьця памерла беларуская паэтка Раіса Баравікова.

Пра сьмерць паэткі паведаміла «Наша ніва» з спасылкай на допісы яе сваякоў у сацсетках.

Раіса Баравікова — аўтарка зборнікаў паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханьне» (1987), «Пад небам першага спатканьня» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992).

Таксама яна аўтарка п’ес «Барбара Радзівіл» (пастаноўка 1994), «Пятля часу» (1996), зборніку апавяданьняў «Вячэра манэкенаў» (2002) і зборніку казак і апавяданьняў для дзяцей «Галенчыны „Я“, альбо Плянэта Цікаўных Хлопчыкаў» (1990).

Раіса Баравікова нарадзілася 11 траўня 1947 году ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёну. У 1971 годзе скончыла аддзяленьне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытуту імя А. М. Горкага ў Маскве, у розных беларускіх выданьнях працавала літаратурным супрацоўнікам, намесьнікам рэдактара, у 2000–2002 гадах была галоўным рэдактарам часопісу «Алеся», у 2002–2011-м — часопісу «Маладосьць».

Паэтка ўзнагароджаная Літаратурнай прэміяй Саюзу пісьменьнікаў БССР імя Аркадзя Куляшова (1988), а таксама Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994).

У 2020 годзе Раіса Баравікова ў шэрагу 150 пісьменьнікаў падпісала адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваньнем спыніць гвалт і прыняць волю народу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG