Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрка Любоў Санкевіч: Калісьці мне дапамагла чужая Церашкова, а як зьвярнулася да сваёй Ярмошынай — дык адбой


Любоў Санкевіч, Менск, 22 чэрвеня

Любоў Санкевіч з Бабруйску за кароткі час стала тэле- і відэазоркай. Вядомасьць звалілася на жанчыну 22 чэрвеня пасьля інтэрвію на пікеце салідарнасьці ў Менску, дзе яна публічна папрасіла прабачэньня за тое, што ў 1994 годзе галасавала за Аляксандра Лукашэнку. Па вяртаньні ў родны Бабруйск прыгоды для пэнсіянэркі ня скончыліся. На вакзале Любоў Міхайлаўну затрымалі міліцыянты і павезьлі ва ўправу складаць пратаколы. Там спадарыні Санкевіч стала блага, яна выклікала хуткую дапамогу і трапіла ў лякарню.

Сёньня Любоў Санкевіч адчувала сябе лепш і таму вырашыла пайсьці па справах у горад, але зноў сутыкнулася зь міліцыяй. Якраз на пачатку гэтага інтэрвію да Любові Міхайлаўны проста на вуліцы падышлі міліцыянты і запатрабавалі ехаць зь імі ва ўправу міліцыі на размову з начальнікам. «Надзявайце мне кайданкі, але сама я не паеду. Хай выклікае позвай, больш без адваката я зь ім размаўляць не пайду», — гучаў у тэлефоне голас Любові Міхайлаўны. Празь некалькі хвілін ёй усё ж удалося адчапіцца ад суправаджэньня, і мы працягнулі размову.

— Вы казалі на плошчы, што расчараваліся ў Лукашэнку. У чым канкрэтна?

— Ведаеце, я па адукацыі бухгальтар, больш за 30 гадоў адпрацавала зь лічбамі. Што тут казаць пра Лукашэнку, калі ўсе паказчыкі даўно паўзуць уніз. Заводы закрываюцца, заробкі падаюць, людзям няма дзе працаваць і няма як зводзіць канцы з канцамі. Пры гэтым карупцыя расьце. Калі б не карупцыя, якую разьвёў Лукашэнка вакол сябе, мы жылі б як у Эўропе. Грашовыя ўклады не вярнуў, кватэру, якую я атрымала яшчэ ў СССР, даводзіцца выкупляць. Вось якраз іду з ашчаднай касы, рэшткі пэнсіі аддала. Скаргі не дапамагаюць. А што скарджуся, што пратэстую, дык яшчэ і караюць, палююць на мяне, як на злачынцу. Дык за што мне цяпер любіць Лукашэнку? Вельмі шкадую, што галасавала за яго.

— А каго хацелі б бачыць на ягоным месцы? Хто пацягне?

— Статкевіч. Ён сьмелы, хоць нешта пачало рабіцца, калі ён выйшаў з турмы. Але не зайздрошчу нікому, хто прыйдзе на пасаду прэзыдэнта пасьля Лукашэнкі, бо гэтак шмат ён наламаў дроў.

— Вы да якой партыі больш схільныя?

— Калісьці ўжо ў незалежнай Беларусі я хацела ўступіць у КПБ. Але расчаравалася. Цяпер мне больш падабаецца Народная Грамада. У СССР я была беспартыйная. Калі працавала каля Туапсэ, дык клікалі ў кампартыю, але адмовілася. Мяне тады несправядліва звольнілі, не захацела займацца карупцыяй, як там было прынята. Дык напісала першай жанчыне-касманаўту Валянціне Церашковай ліст, усё расказала. Яна за мяне заступілася, ва ўсякім разе, на працы мяне аднавілі. А потым я прыехала ў Бабруйск, працавала бухгальтарам на заводзе, тут выйшла на пэнсію. І вось змагаюся за свае правы, за тое, каб не прыціскалі. Але цяпер да скаргаў іншае стаўленьне — ня толькі нічога ня робяць, але яшчэ і перасьледуюць.

— У вас жа ёсьць зямлячка, Лідзія Ярмошына, кіраўніца Цэнтравыбаркаму. Да яе не зьвярталіся па дапамогу?

— Добра яе ведаю, нашы сыны ў адзін кляс хадзілі. Але ад яе дапамогі не чакаю. Неяк сустрэла яе ў Менску, прасіла проста юрыдычнай кансультацыі, але не. Кажа: «Нічым не магу вам дапамагчы». Ну канечне, яна ж дапамагае Лукашэнку, Качанавай, а не такім, як я. Вось так: да чужой Церашковай зьвярнулася, дык дапамагла, а свая Ярмошына — адбой.

— Але яе праца — выбары. Дарэчы, вы пасьля 1994 году на выбары хадзілі?

— Мяркуеце, у нас ёсьць выбары? Скажу як назіральнік на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году — няма ў нас выбараў. Не было тады яўкі. Але калі палова людзей і галасавала, дык ішлі галасаваць за іншых — за Саньнікава, за Статкевіча ды Някляева, але не за Лукашэнку. Я на ўчастку публічна абуралася, як падлічвалі галасы, дык старшыня камісіі маліў, каб іх не падводзіла, каб сьцішылася.

— А як ставіцеся да апазыцыі?

— А як да яе ставіцца? Слабакі.Толькі на выбары прачынаюцца, а потым зноў — нібыта і няма нікога.

— А чаму народ не падтрымлівае?

— Ня ведаю. Значыць, не падабаюцца. Словаў шмат, учынкаў няма.

— Вы казалі на ўчорашняй акцыі, што раней вас штрафавалі. А калі зноў аштрафуюць, ды яшчэ маёмасьць апішуць, як у некаторых апазыцыянэраў?

— Што будзе, тое і будзе, але мяне ня спыняць. У мяне вось дзьве ўнучкі растуць, і я не хачу, каб ім засталася тая ж доля — бяспраўе, галеча, міліцыянты цябе ганяюць, як якую злачынцу. Таму не супакоюся.

XS
SM
MD
LG