У складзе каманды «Неманец» з Узды выступае 66-гадовы абаронца Аляксандар Янчэўскі. Напярэдадні ён правёў на полі 13 хвілін у гульні ІІ лігі першынства Беларусі супраць ФСК «Слуцак» (5:0).
Відэа зь ім каля поля апублікаваў тэлеграм-канал «Беларускі футбол».
Пасьля шасьці тураў «Неманец» займае першы радок турнірнай табліцы дывізіёну «А» Менскай вобласьці.
Як даведалася выданьне «Сильные новости», абаронца выступае за ўзьдзенскі клюб з 2019 году, тады яму было 60. Цяпер «Неманец» дэбютаваў на рэспубліканскім роўні, а таму пра Янчэўскага даведаліся ў краіне.
Сам ён нарадзіўся ў Казахстане, але ўжо ў веку 5 гадоў сям'я вярнулася на гістарычную радзіму, у Беларусь. У Янчэўскага пяцёра ўнучак, і ён спадзяецца, што прынамсі адна зь іх палюбіць футбол.
Зазвычай гульцы завяршаюць кар’еру ва ўзросьце каля 40 гадоў. ІІ беларуская ліга мае аматарскі статус, гэта азначае, што гульцы ня маюць з клюбамі прафэсійных пагадненьняў і зарабляюць на жыцьцё іншымі прафэсіямі.
Якія яшчэ ёсьць рэкорды?
Рэкорд беларускай Найвышэйшай лігі ў футболе належыць Юрыю Пудышаву — абаронцу менскага «Дынама», чэмпіёну СССР 1982 году. Свой рэкорд ён паставіў, калі выйшаў на замену ў сустрэчы берасьцейскага «Дынама» супраць барысаўскага БАТЭ.
Пудышаў, які працаваў у камандзе адным з трэнэраў, перад сэзонам нечакана быў уключаны ў заяўку каманды. Шэраг заўзятараў убачыў у гэтым чарговы жарт вядомага гумарам шпурляра, але 25 кастрычніка 2010 году ва ўзросьце 56 гадоў і 205 дзён, Пудышаў сапраўды выйшаў на поле на 90-й хвіліне. Ён стаў найстарэйшым гульцом у гісторыі найвышэйшага дывізіёну Беларусі.
У сьвеце найбольш вядомым «старажылам» футболу называюць японца Казуошы Міюру. У мінулым ён быў прафэсійным гульцом і з 1990 па 2000 гады выступаў за нацыянальную зборную Японіі, прызнаваўся нават найлепшым гульцом Азіі. Правёўшы 89 гульняў і загнаўшы 55 галоў у складзе японскай зборнай, пагуляўшы ў тым ліку за мяжою — у Бразыліі і Харватыі — Міюра скончыў міжнародную кар’еру, але працягнуў гуляць. Выступае ён і цяпер, у 2026-м, за каманду трэцяй японскай лігі «Фукушыма Юнайтэд».
Сёлета японцу споўнілася ўжо 59 гадоў, і пра заканчэньне футбольнай кар’еры Казуошы пакуль не гаворыць.
Форум