Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім футбольным чэмпіянаце адна каманда перамагла другую зь лікам 50:0, але вынік могуць не ўключыць у афіцыйныя рэкорды


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Але ёсьць пытаньне, ці будзе вынік матчу зафіксаваны ў пераліку міжнародных рэкордаў.

Перамога «Мёраў» над «Расонамі» зь лікам 50:0 у паядынку 4 траўня стала другой самай буйной у гісторыі футболу. На 1-м месцы — матч чэмпіянату Мадагаскару «Стад Алімпік Л’Эмірн» — «Адэма». Тая сустрэча 31 кастрычніка 2002 году скончылася зь лікам 149:0 на карысьць «Адэмы», аднак усе галы ў тым матчы гаспадары поля правялі ва ўласную браму на знак пратэсту супраць кепскіх, на іх думку, судзьдзёўскіх рашэньняў.

Нягледзячы на фактычна неспартовае паходжаньне галоў у мадагаскарскім паядынку, лік зафіксавалі як найбуйнейшы ў гісторыі футболу.

2-е месца можа заняць матч ІІ лігі першынства Беларусі, дзе «Мёры» напярэдадні загналі 50 мячоў у браму каманды «Расонаў», піша тэлеграм-канал «Беларускі мінор», які апісвае падзеі нізкіх лігаў беларускага першынства. 20 галявых перадач у сустрэчы зрабіў колішні паўабаронца барысаўскага БАТЭ Піліп Рудзік.

Аднак ёсьць сумневы, што вынік матчу спартовыя статыстыкі занясуць у свой афіцыйны пералік. Справа ў тым, што ў Беларусі з гэтага году існуюць дзьве ІІ лігі — адна ад Асацыяцыі Беларуская фэдэрацыя футболу, што ўваходзіць у міжнародныя арганізацыі ФІФА і УЭФА, а другая — ад Міністэрства спорту. Менавіта ў гэтай другой і зафіксаваны такі звышбуйны лік. АБФФ і Мінспорту знаходзяцца ў канфлікце, кіраўнік фэдэрацыі Мікалай Шарсьнёў, як пісала «Трыбуна», у адрозьненьне ад свайго папярэдніка на пасадзе Ўладзімера Базанава, адмовіўся выконваць дырэктывы Мінспорту на чале з колішнім ахоўнікам Лукашэнкі Сяргеем Кавальчуком.

Юрыдычна АБФФ не залежыць ад Мінспорту, а Шарсьнёў заўважыў, што ў ранейшым фармаце ІІ лігі шмат няявак камандаў на гасьцявыя гульні і процьма разгромных вынікаў, што сьведчыць пра вельмі розную падрыхтаванасьць дружынаў. Шарсьнёў абвясьціў рэформу першынства і стварэньне асобнай 4-й лігі для больш слабых камандаў. Гэта не спадабалася Кавальчуку. А калі да кансэнсусу прыйсьці не ўдалося, Міністэрства спорту заснавала сваю лігу. Пры гэтым першыя ж матчы выявілі старую праблему — зусім розны ўзровень падрыхтоўкі супернікаў. Пры гэтым ведамства паўплывала адміністрацыйным чынам на шэраг райвыканкамаў, у выніку некалькі дружынаў у апошні момант перасталі выяжджаць на гульні ІІ лігі ад АБФФ.

На гэтым тыдні фэдэрацыі і Мінспорту нібыта заявілі пра дасягненьне супольнага рашэньня, але за некалькі наступных дзён ніхто падрабязнасьцяў сытуацыі не падаў. Календары гульняў і табліцы розыгрышаў па-ранейшаму існуюць асобна. Ёсьць вялікія сумневы, што міжнародныя арганізацыі вызнаюць лік 50:0 з чэмпіянату, што праводзіцца пад патранатам арганізацыі (Мінспорту), якая не ўваходзіць у склад міжнародных футбольных інстытуцый.

Тым часам «Беларускі мінор», дзеля статыстыкі, успомніў іншыя буйныя вынікі на футбольных палях у розныя гады:

  • 36:0 — з такім лікам завяршыўся матч Кубку Шатляндыі ў 1885 годзе. Прафэсійны «Арбаат» прымаў аматараў «Бон Акорд» і загнаў у іхную браму 36 мячоў;
  • У чэмпіянаце Шатляндыі ў тым самым 1885 годзе «Дандзі Гарп» зь лікам 35:0 перамог «Абэрдын Ровэрз». Некаторыя гісторыкі, аднак, лічаць, што колькасьць галоў была крыху меншай — 32.
  • Адбор на першынство сьвету 2002 году. Аўстралія разграміла 31:0 Амэрыканскае Самоа. Гэты вынік застаецца найбуйнейшым з усіх афіцыйна зарэгістраваных ФІФА пры ўдзеле зборных. Аўстралійскі нападнік Арчы Томпсан вызначыўся 13 разоў, як і гулец «Мёраў» Дзьмітры Кручанюк у гульні з «Расонамі» 4 траўня 2024 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG