Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі некалькіх чалавек пазбавілі грамадзянства за «антырасейскія настроі» і крытыку вайны

Пашпарт грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі
Пашпарт грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі

Выглядае, Масква пачынае яшчэ мацней выкарыстоўваць грамадзянства як інструмэнт змаганьня за паслушэнства з боку іншаземцаў.

ФСБ і МУС Расеі спынілі дзеяньне расейскага грамадзянства васьмі выхадцам з Цэнтральнай Азіі з шасьці розных рэгіёнаў краіны, паведамляе расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.

Траіх жыхароў Цюменскай вобласьці пазбавілі расейскага грамадзянства за «прапаганду антырасейскіх настрояў, ідэі аб неабходнасьці аб’яднаньня ў арганізаваныя групы паводле этнічнай прыкметы дзеля ўдзелу ў міжнацыянальных канфліктах».

Для астатніх пяцярых у расейскіх уладаў былі розныя падставы забраць грамадзянства. Жыхар Алтаю атрымаў адміністрацыйны штраф за тое, што крытыкаваў вайну ў прысутнасьці дзяцей. Жыхара Архангельскай вобласьці абвінавацілі ў тым, што ён адгаворваў землякоў ад службы ў расейскім войску. Тульскі фігурант асуджаны за проціпраўнае захоўваньне зброі. Жыхар Цьвярской вобласьці незаконна рэгістраваў мігрантаў — сярод іх апынуўся чалавек, які, паводле расейскіх спэцслужбаў, мае дачыненьне да тэракту ў «Крокусе».

Тэрарыстычны акт у зале «Крокус Сити Холл» адбыўся ўвечары 22 сакавіка 2024 году перад пачаткам канцэрту. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе ячэйка «Вілаят Хурасан», аднак расейскія ўлады настойвалі на наяўнасьці «ўкраінскага сьледу».

Газэта The Washington Post з спасылкай на двух неназваных амэрыканскіх службоўцаў пісала, што ўлады ЗША яшчэ 6 сакавіка папярэджвалі Расею аб пагрозе тэракту ў «Крокусе». Гэта было зроблена за дзень да таго, як пасольства ЗША папярэдзіла сваіх грамадзян аб плянаваным «нападзе на буйныя імпрэзы ў Маскве, уключаючы канцэрты». У Крамлі заявілі, што папярэджаньне было неканкрэтным.

Як адзначае выданьне «Агенцтва», гэта, верагодна, першыя выпадкі пазбаўленьня грамадзянства за распаўсюд «антырасейскіх настрояў». Журналісты вывучалі папярэднія выпадкі пазбаўленьня грамадзянства і не знайшлі падобнай фармулёўкі, піша «Настоящее время».

Чаму гэта важна?

Крэмль ужо не ўпершыню выкарыстоўвае расейскія пашпарты і грамадзянства як інструмэнт. Дзякуючы абяцаньням грамадзянства расейцы вэрбуюць у войска наймітаў з Нэпалу, Казахстану, Калюмбіі, іншых краінаў, у тым ліку Беларусі.

Знайсьці абвестку аб «працы» для грамадзяніна Беларусі, які жадае ваяваць ва Ўкраіне на баку Расеі, можна за некалькі хвілін. Яны дасяжныя ў тым ліку на беларускіх рэсурсах пошуку вакансіяў. Асабліва на тых, якія працуюць як агрэгатары абвестак з староньніх сайтаў, у тым ліку расейскіх.

Тыя ж самыя вакансіі з прапановамі грамадзянам Беларусі «паехаць на СВА» можна пабачыць і ў разьдзелах згаданага сайту з вакансіям ў іншых беларускіх мясцовасьцях, у тым ліку ў абласных цэнтрах. Паўсюль прапаноўваецца аднолькавы заробак, аўтары абвестак шукаюць тых самых спэцыялістаў — апэратараў бесьпілётных лётных апаратаў, штурмавікоў, сувязістаў, снайпэраў, кіроўцаў, артылерыстаў, гранатамётнікаў. Некаторыя з абвестак увогуле ня згадваюць спэцыяльнасьці — яны наўпрост называюцца «Контракт на СВО для граждан Беларуси». Тэкст усіх абвестак амаль ідэнтычны, зь нязначнымі адрозьненьнямі.

3,4 мільёна расейскіх рублёў, прапанаваныя беларусу ў якасьці выплаты па факце падпісаньня гадавога кантракту, — гэта прыкладна 38 тысяч эўра паводле курсу на канец лютага 2026 году. Грамадзянам Расеі абяцаюць на рукі выплаціць яшчэ больш — 4 мільёны расейскіх рублёў (45 тысяч эўра).

У траўні 2026 году выданьне «Флагшток» заўважыла, што апошнім часам у рэгіянальных чатах Гомельскай вобласьці зьяўляюцца абвесткі пра набор на працу ў Расеі. У абвестках з абяцаньнямі вялікіх сумаў грошай і выгадных умоў не пазначана, якога кшталту гэтая праца, але, зыходзячы са зьместу, становіцца зразумела, што такім чынам жыхароў рэгіёну вэрбуюць у расейскае войска.

На пытаньне аб тым, як вырашаецца праблема з магчымым перасьледам на тэрыторыі Беларусі за наёмніцтва, расейскі вэрбоўнік у размове зь беларускім журналістам, які ўдаваў зацікаўленага ў падпісаньні кантракту з расейскім войскам, запэўніў, што «ўсё цалкам ананімна», і паводле дакумэнтаў найміт «проста вайсковец». Таксама ён прапанаваў падаць заяву на расейскае грамадзянства.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG