Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2025 годзе паводле палітычных абвінавачаньняў асудзілі ня менш за 40 падлеткаў

Турэмная камэра на інтэрактыўнай прафіляктычнай пляцоўцы «Бясьпечная прастора», што працуе ў Менскім палацы дзяцей і моладзі
Турэмная камэра на інтэрактыўнай прафіляктычнай пляцоўцы «Бясьпечная прастора», што працуе ў Менскім палацы дзяцей і моладзі

У Міжнародны дзень абароны дзяцей, які адзначаюць 1 чэрвеня, праваабаронцы «Вясны» апублікавалі зьвесткі аб перасьледзе ў Беларусі непаўналетніх з палітычных прычынаў.

Паводле «Вясны» з пачатку пратэстаў 2020 году тысячы дзяцей адчулі на сабе наступствы рэпрэсіяў праз затрыманьні, арышты і крымінальны перасьлед іхных бацькоў, а яшчэ дзясяткі падлеткаў самі сталі фігурантамі палітычна матываваных крымінальных справаў, трапілі за краты або сутыкнуліся з жорсткім абыходжаньнем.

Ціск на непаўналетніх працягваецца. У 2025 годзе паводле палітычных абвінавачаньняў былі асуджаныя ня менш за 40 падлеткаў, падлічылі праваабаронцы «Вясны». Ім вядомыя імёны як мінімум 27 непаўналетніх, якія сталі фігурантамі палітычна матываваных крымінальных справаў, і праваабаронцы мяркуюць, што рэальныя маштабы перасьледу значна большыя.

На гэты момант, паводле праваабаронцаў, у Беларусі за кратамі знаходзяцца чатыры чалавекі, якіх зьняволілі яшчэ да дасягненьня імі паўналецьця: Елісей Кузьняцоў, Дзьмітры Захарошка, Трафім Барысаў і Аляксандра Пуліновіч.

Справа Аляксандры Пуліновіч

Пра адну з гэтых палітзьняволеных, Аляксандру Пуліновіч, праваабаронцам вядома, што на момант затрыманьня дзяўчыне было 16 гадоў, яна вучылася ў апошняй клясе адной з менскіх школаў, плянавала па сканчэньні школы вучыцца на вэтэрынара. У СІЗА дзяўчыну на некалькі дзён саджалі ў карцар.

Аляксандра Пуліновіч праходзіла ў гэтак званай справе «чорных салаўёў» — анархісцкай ячэйкі, якая, паводле сьледзтва, нібыта рыхтавалася да дывэрсіяў на загады з Украіны.

У 2025 годзе дзяўчыну асудзілі на 10 гадоў і 3 месяцы зьняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод іх арт. 289 — замах на акт тэрарызму.

Свой тэрмін Аляксандра Пуліновіч адбывае ў ПК № 4 у Гомлі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG