Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белстаце паведамілі аб скарачэньні прамысловай вытворчасьці. Што гэта значыць

Прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно». Ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно». Ілюстрацыйнае фота

У Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі паведамілі аб скарачэньні прамысловай вытворчасьці ў студзені–красавіку 2026 году.

Згодна з апублікаванай статыстыкай, аб’ём прамысловай вытворчасьці ў першыя чатыры месяцы году ў актуальных цэнах склаў 70 мільярдаў рублёў, або ў супастаўных цэнах 97,5% да іх узроўню ў такі ж пэрыяд мінулага году. То бок вытворчасьць скарацілася на 2,5%.

У студзені гэты паказьнік скараціўся на 3,4% у параўнаньні зь леташнім студзенем, у студзені–лютым — на 3,7% у параўнаньні з тым жа леташнім пэрыядам, аналягічна ў студзені–сакавіку — на 3,4%.

Найбольш скарацілася вытворчасьць у апрацоўчай прамысловасьці — на 4,6 %.

Чаму гэта важна

Спад прамысловай вытворчасьці — адна з галоўных прыкметаў эканамічнага спаду. Прамысловасьць ёсьць рухавіком эканомікі: яна фармуе валавы ўнутраны прадукт, забясьпечвае тэхналягічны прагрэс і стварае вэктар руху для сумежных галін — транспарту, лягістыкі, сыравіннага сэктару і будаўніцтва.

Скарачэньне прамысловай вытворчасьці можа суправаджацца скарачэньнем працоўных месцаў, даходаў і інвэстыцыйнай актыўнасьці. Апроч таго, зьніжэньне ўнутранай вытворчасьці пагражае дэфіцытам прадукцыі і ростам залежнасьці ад імпарту, а гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да большай інфляцыі.

Паводле экспэртаў, спад вытворчасьці можа перарасьці ў рэцэсію або сыстэмны крызіс.

Зь іншага боку, у Беларусі спад вытворчасьці ў пачатку году адбываецца штогод . Далей дынаміка вытворчасьці залежыць ад макраэканамічных фактараў і сытуацыі на замежных рынках.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG