Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 траўня: прызналі «экстрэмісцкім» зварот сьвятароў падчас пратэстаў

Суд у Горадні, архіўнае фота
Суд у Горадні, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Былога ахоўніка Лукашэнкі асудзілі па палітычнай справе

50-гадовага Андрэя Спасава, былога супрацоўніка службы аховы Лукашэнкі асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», паведаміла «Наша Ніва».

Дакладны тэрмін пакуль невядомы — у так званым «сьпісе экстрэмістаў» МУС пазначана, што Спасаў ужо «адбывае пакараньне».

Прызналі «экстрэмісцкім» зварот сьвятароў падчас пратэстаў

Гаворка пра «Зварот да хрысьціян Беларусі», які быў апублікаваны на сайце «Pravmir» восеньню 2020-га году.

Такое рашэньне ўхваліў суд Цэнтральнага раёну Менска.

Улады выставілі на продаж арыштаваную кватэру завочна асуджанага

Мова пра кватэру журналіста і праваабаронцы Ўладзімера Хільмановіча.

Аўкцыён па яе продажы мае адбыцца 26 траўня. Двухпакаёвую кватэру плошчай 50 квадратных мэтраў раней ацанілі ў 126 тысяч беларускіх рублёў, піша «Горадзенская Праваабарона».

Раней органы судовага выкананьня выставілі на аўкцыён канфіскаванае лецішча Хільмановіча, якое знаходзіцца ў Мастоўскім раёне. 19 сакавіка прадаць яго не ўдалося. Яшчэ раней чыноўнікі канфіскавалі і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і Ўладзімера (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну).

19 жніўня 2024 году Горадзенскі абласны суд завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленьне волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 40 тысяч беларускіх рублёў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG