Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы ініцыяваў дэнансацыю пагадненьня зь Беларусьсю аб малым памежным руху. Яно так і не запрацавала

Мяжа Літвы і Беларусі, архіўнае фота
Мяжа Літвы і Беларусі, архіўнае фота

Дакумэнт падпісалі ў 2010 годзе, але беларускі бок яго дагэтуль не ратыфікаваў, а з 2021 году адносіны Літвы і Беларусі рэзка пагоршыліся. Такая ж сытуацыя з малым памежным рухам Беларусі з Польшчай.

Урад Літвы прапануе дэнансаваць пагадненьне з Беларусьсю аб парадку паездак жыхароў памежных тэрыторый, падпісанае ў 2010 годзе. Кабінэт міністраў Літвы на паседжаньні 13 траўня ўхваліў рашэньне зьвярнуцца да прэзыдэнта з просьбай унесьці ў Сейм прапанову аб скасаваньні гэтай дамовы зь Менскам.

Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Літвы, нягледзячы на тое, што пагадненьне было заключанае 16 гадоў таму, яно так і не набыло моцы.

«За гэты пэрыяд ад Рэспублікі Беларусь не паступала апавяшчэньняў аб завяршэньні ўнутраных працэдур, у сувязі з чым пагадненьне лічыцца неактуальным», — заявілі агенцтву BNS у Міністэрстве замежных спраў Літвы.

Мэтай дакумэнта было надаць жыхарам памежных тэрыторый права перасякаць мяжу па спэцыяльных дазволах і знаходзіцца на сумежнай тэрыторыі да 90 дзён на працягу паўгоду. Літва ратыфікавала пагадненьне ў 2011 годзе, а Беларусь гэта так і не зрабіла.

Чаму гэта важна

Краіны-суседзі Беларусі, якія ўвайшлі ў свой час у Шэнгенскую зону, былі зацікаўленыя захаваць культурныя, дзелавыя, сваяцкія сувязі зь беларусамі. Таму Эўразьвяз пачаў працаваць над заканадаўствам для пагадненьняў аб малым памежным руху, і ў канцы 2006 году быў прыняты спэцыяльны рэглямэнт па гэтым пытаньні. Малы памежны рух прадугледжвае спрошчаны рэжым перасячэньня мяжы для жыхароў на тэрыторыі 30-50 км ад мяжы.

Аналягічнае пагадненьне Польшчай таксама не было ратыфікаванае беларускім бокам. У МЗС Беларусі патлумачылі, што гэтаму нібыта перашкаджае палітыка Літвы і Польшчы адносна беларускіх уладаў.

У выпадку з Латвіяй пагадненьне спачатку запрацавала, але ў 2022 годзе і яно было скасаванае Рыгай пасьля таго як Беларусь надала Расеі сваю тэрыторыі для нападу на Ўкраіну.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG