Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Калі мы распусьцім Каардынацыйную раду, генэралы ў Менску будуць сьвяткаваць новыя званьні

Павал Латушка: «Нам жыцьцёва неабходны ўласны рэальны прадстаўнічы орган беларусаў — Каардынацыйная рада»
Павал Латушка: «Нам жыцьцёва неабходны ўласны рэальны прадстаўнічы орган беларусаў — Каардынацыйная рада»

Выбары заўсёды былі і застаюцца галоўнай крыніцай дэмакратыі, і мы ня маем права ва ўмовах таталітарнай дыктатуры ўнутры краіны адмовіцца ад гэтага ўнікальнага інструмэнту. Ён дазваляе фармаваць дэмакратычны інстытут галасамі беларусаў, незалежна ад таго, дзе мы пражываем, піша ў сваім звароце да аўдыторыі Свабоды Павал Латушка, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту і лідэр выбарчага сьпісу на выбарах у Каардынацыйную раду «Кааліцыя Латушка і Рух „За Свабоду“».

Нельга дапусьціць, каб мы перарвалі працэс дэмакратычнага фармаваньня нашых інстытутаў менавіта зараз, калі існуе рэальная пагроза будучыні краіны і яе незалежнасьці. Пры гэтым важна разумець, што легітымнасьць Каардынацыйнай рады вызначаецца ня толькі колькасьцю тых, хто прагаласаваў, але і аб’ёмам, а таксама маштабам задач, якія вырашаюцца ў інтарэсах Беларусі і беларусаў, і распаўсюджваньнем дзейнасьці на тэрыторыі краін сьвету, дзе пражываюць беларусы.

Безумоўна, крытыкаваць Каардынацыйную раду за неэфэктыўнасьць можна і трэба, але пры гэтым нельга заплюшчваць вочы і забываць пра тое, што Каардынацыйная рада знаходзіцца на першай лініі ціску з боку ўсіх відаў спэцслужбаў рэжыму. Мэта рэжыму і яго спэцслужбаў абсалютна відавочная — зьнішчыць прадстаўнічы орган беларусаў. Ці гатовыя мы пагадзіцца з тым, што нашы інтарэсы і інтарэсы рэжыму, якія заключаюцца ў дэпалітызацыі грамадзтва і ліквідацыі выбараў як формы праявы дэмакратыі, супадаюць?

Адказ, думаю, больш чым відавочны — не. І гэты адказ даюць 9 сьпісаў і 172 кандыдаты на выбарах у незалежны ад дыктатуры Лукашэнкі парлямэнт — Каардынацыйную раду, якія бяруць на сябе палітычную адказнасьць і гатоўнасьць рызыкаваць, калі хочаце, нават жыцьцём і здароўем для таго, каб калектыўны голас беларусаў быў пачуты.

Сёньня мы фактычна знаходзімся на вайне, дзе ў ход ідзе ня толькі зброя, але і дэзынфармацыя з мэтай дыскрэдытацыі. Таму нам важна быць талерантнымі і ўдумлівымі ў сваіх ацэнках, не дазваляючы сабе спэкуляваць на тых наратывах, якія штучна ствараюцца ўнутры рэжыму, каб нас дэматываваць працягваць палітычную барацьбу.

Паспрабуем уявіць сабе ідэальны сцэнар: на выбарах у Каардынацыйную раду свае галасы аддалі 1 мільён беларусаў і беларусак. Ці вырашыцца хтосьці з міжнародных партнэраў абысьці наш інтарэс? Не ўлічыць яго ў сваіх адносінах з рэжымам, які ўзурпаваў уладу ў нашай краіне? Вядома, не. Ці будзе гэты голас уплываць на ўнутраную палітычную сытуацыю ў Беларусі? Безумоўна, так.

Сапраўдны, а не рэжымны парлямэнт — гэта наш з вамі рэальны голас на міжнароднай арэне

Давайце паглядзім, чаго нам удалося дасягнуць нават з шасьцю тысячамі сямюстамі выбаршчыкамі, якія прагаласавалі за Каардынацыйную раду III скліканьня ў 2024 годзе. На сёньняшні дзень наш прадстаўнічы орган прызнаны Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы, а таксама Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Рады Эўропы, у якіх у нас працуюць афіцыйныя дэлегацыі. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі дэмакратычных сіл і ў прынцыпе Беларусі. Каардынацыйная рада таксама прызнаная Эўрапейскім парлямэнтам і Сэнатам Польшчы, а за выбарамі ў 2024 годзе непасрэдна назіралі дэпутаты Нацыянальнай асамблеі Францыі.

Паралельна з гэтым дэлегаты КР праводзілі двухбаковыя сустрэчы з парлямэнтарамі зь дзясяткаў дэмакратычных краін — сустрэчы, падчас якіх лябіююцца інтарэсы Беларусі і беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Каардынацыйная рада актыўна лябіявала пытаньні адказнасьці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, а таксама санкцыйнага ціску для таго, каб пад яго ўзьдзеяньнем дамагацца вызваленьня палітычных зьняволеных.

Мы змаглі пралябіяваць цэлы шэраг дапаўненьняў і паправак у рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнта, якія тычацца санкцыйнага ціску, адказнасьці за катаваньні ў дачыненьні да палітычных зьняволеных, міжнароднай крымінальнай адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці ў дачыненьні да беларускага народу, а таксама за агрэсію супраць Украіны.

Нават адна папраўка, дзякуючы працы дэлегацыі Каардынацыйнай рады, у рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аб адказнасьці Лукашэнкі і яго памагатых за акт агрэсіі супраць Украіны вартая таго, каб КР існавала. Не было б нас у ПАРЭ — не было б і гэтай папраўкі. Сапраўдны, а не рэжымны парлямэнт — гэта наш з вамі рэальны голас на міжнароднай арэне.

Важна падкрэсьліць, што ніколі палата прадстаўнікоў ці савет рэспублікі не змаглі б нават уявіць сабе таго, чаго змагла дасягнуць Каардынацыйная рада ўсяго толькі за год і дзесяць месяцаў сваёй працы.

Больш за тое, КР наўпрост ўплывае на дзейнасьць Аб’яднанага пераходнага кабінэту: кожны чалец Кабінэту спачатку праходзіць галасаваньне, якое пацьвярджае яго мандат для прызначэньня, а затым дае справаздачу перад Каардынацыйнай радай аб сваёй працы, а таксама КР праводзіць вотум даверу праз галасаваньне.

Вынікі гэтай працы бачныя і на ўзроўні нацыянальных парлямэнтаў іншых краін. І Сэйм, і Сэнат Польшчы не прызналі Лукашэнку прэзыдэнтам — і гэта таксама лябіявалі чальцы КР. ПАРЭ таксама адмовіла ў прызнаньні Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта, што стала вынікам працы нашай першай у гісторыі дэлегацыі ў ПАРЭ.

У сваю чаргу, Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Рады Эўропы прадаставіў дэлегатам КР права назіраць за выбарамі ў 46 краінах-сябрах Рады Эўропы. Падкрэсьлю: не за намі назіраць, а нам — за імі, і гэта ўнікальны прэцэдэнт.

Асаблівае месца ў нашай працы займае легалізацыя беларусаў — гэта тое, чым штодня займаецца Каардынацыйная рада, і адно з таго, што больш за ўсё хвалюе выбаршчыкаў па-за межамі Беларусі. Тут вядзецца пастаянны і несупынны лобінг падчас сустрэч з калегамі з парлямэнтаў дзясяткаў дэмакратычных краін: Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксэмбургу, Францыі, Харватыі, Швэцыі, Эстоніі і многіх іншых.

80 галасоў, аб’яднаных у адным інстытуце, — гэта рэальная сіла і ўзмацненьне нашага беларускага голасу

Вядома, не існуе імгненных рашэньняў усіх праблем, і іх не можа быць. Палітыка не дасягае ўсіх мэтаў за адзін дзень. Нават нацыянальны парлямэнт ня ў стане прымусіць урад іншай краіны вырашыць у інтарэсах замежных грамадзян усе іх пытаньні падчас адной сустрэчы. Тут трэба штодня працаваць, лябіяваць і дамаўляцца. Не забываць, што ў кожнай краіны ёсьць свае нацыянальныя інтарэсы.

Гаворачы пра важнасьць КР як інстытута, варта памятаць: дэлегат, які мае мандат ад выбаршчыкаў, у шмат разоў больш эфэктыўны, чым самапрызначаны ці самаабвешчаны палітык. Гэта дэмакратычныя стандарты, якія вызнаюцца ў Эўрапейскім Зьвязе. У кожнай краіны-партнэра ёсьць унутраныя праблемы, але калі 80 дэлегатаў лябіююць нашы інтарэсы, то гэта ўжо не адзін голас, хай нават самага вядомага і ўплывовага дэмакратычнага палітыка краіны — Сьвятланы Ціханоўскай.

80 галасоў, аб’яднаных у адным інстытуце, — гэта рэальная сіла і ўзмацненьне нашага беларускага голасу.

Рэжым заўсёды імкнуўся адмовіцца ад выбараў, ператварыўшы іх у фармальны каляндар прадаўжэньня паўнамоцтваў. Мы ж ня можам і ня маем права, як людзі, якія вераць у дэмакратыю, адмовіцца ад самой яе сутнасьці, дзе ключавымі словамі зьяўляюцца «выбары» і «выбар».

Хачу нагадаць, што ў нядаўнім інтэрвію расейскаму прапагандысцкаму каналу RT Лукашэнка задумаўся над тым, каб «правесьці рэформу кіраваньня дзяржавай, выкарыстоўваючы вопыт старога» — часоў савецкага мінулага, дзе кіроўную і вызначальную ролю адыгрывала Камуністычная партыя. Відавочна, што яго галоўная мара — канчаткова пазбавіцца ад інстытута выбараў. Ён арганічна не прымае той факт, што прэзыдэнт і дэпутаты — гэта выбарныя пасады, а не пажыцьцёвы прывілей. Гэта пасады, на якія народ прызначае палітыкаў, ацэньваючы іх прапановы і адказнасьць за выкананьне праграм.

Менавіта таму нам жыцьцёва неабходны ўласны рэальны прадстаўнічы орган беларусаў — Каардынацыйная рада. На сёньня гэта наша адзіная магчымасьць мець дэмакратычную альтэрнатыву аўтарытарнаму рэжыму. У тым жа інтэрвію дыктатар наракае: «Захаднікі нам рэкамэндавалі перш за ўсё шматпартыйнасьць, плюралізм меркаваньняў і іншае, іншае, іншае». Прытрымліваньне гэтых парад ён наўпрост называе памылкай. Лукашэнку глыбока агідная сама ідэя дэмакратычнага шляху разьвіцьця. Ён нават не хавае, што мэтанакіравана вёў краіну да аўтарытарызму: «І калі я стаў прэзыдэнтам, нават не валодаючы той уладай, якой валодаю цяпер, я пачаў рэформу краіны. Былі самым жорсткім чынам адменены дурныя рэформы».

У якасьці нагляднай ілюстрацыі таго, як працуе гэтая сыстэма, я магу ўзгадаць гісторыю з асабістага вопыту. Пасьля майго вяртаньня з Францыі, дзе я быў паслом, тагачасны старшыня савету рэспублікі прапанаваў мне напісаць ліст дыктатару з просьбай прызначыць мяне чальцом верхняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту. Гэта наглядна паказвае рэальны стан спраў: у Беларусі дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, як і чальцоў савету рэспублікі, не абіраюць, а фактычна прызначаюць зьверху. Мы ж прапануем рэальны дэмакратычны інструмэнт — выбары.

Пасьля майго вяртаньня з Францыі старшыня савету рэспублікі прапанаваў мне напісаць ліст дыктатару з просьбай прызначыць мяне чальцом верхняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту

Сёньня ў нас ёсьць унікальная магчымасьць зьмяніць гэты парадак. Давайце галасаваць! Давайце разам ствараць рэальную альтэрнатыву прызначаным псэўдапарлямэнцкім структурам.

Лукашэнка ня мае нашай падтрымкі, але нам трэба пастаянна пацьвярджаць, што ў яго няма права казаць ад нашага імя. Абраўшы наш парлямэнт — Каардынацыйную раду, мы захаваем гэтае права за беларусамі і беларускамі.

Бо калі мы распусьцім Каардынацыйную раду, то шампанскае — хай нават савецкае, а можа, менавіта савецкае — спатрэбіцца толькі для сьвяткаваньня новых званьняў чарговых старлеяў і генэралаў у Менску. А месца КР на перамовах у эўрапейскіх сталіцах зоймуць гайдукевічы, гігіны, азаронкі, якія прадстаўляюць інтарэсы рэжыму, а не беларусаў.

І апошняе па парадку, але не па значэньні: немагчыма ўявіць у дэмакратычным грамадзтве дыскусіі аб ліквідацыі парлямэнтарызму, хай нават на стадыі яго зараджэньня. Заўсёды можна казаць пра ўдасканаленьне і ўзмацненьне парлямэнтарызму, але не пра яго ліквідацыю і скасаваньне — гэта шлях да дыктатуры!


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG