Гэта патэнцыйна вельмі небясьпечны вірус, які ў некаторых выпадках можа распаўсюджвацца і паміж людзьмі — пры цесным кантакце. Што гэта за вірус, чым ён небясьпечны і ці ёсьць падставы асьцерагацца новай пандэміі? Пра гэта пагаворым з кандыдатам біялягічных навук, мікрабіёлягам, супрацоўніцай Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту, ураджэнкай Беларусі Вікторыяй Даронінай.
Ці трэба ўсім хвалявацца праз сполах хантавірусу на круізным караблі?
Ня трэба, кажа мікрабіёляг, бо гэта вельмі экзатычная сытуацыя.
«Ёсьць карабель, які заходзіць ува ўсякія экзатычныя парты. Гэта быў круіз, на якім людзі назіралі за птушкамі. Не традыцыйны круіз, дзе пэнсіянэры ходзяць па гарадах і культурных помніках. Паводле сур’ёзных крыніцаў, людзі маглі заразіцца, калі назіралі за птушкамі. Праблема ў тым, што ў гэтага вірусу працяглы інкубацыйны пэрыяд, і таму цяжка сказаць дакладна, дзе гэтая першапачатковая пара пэнсіянэраў заразілася вірусам».
Паводле навукоўцы, вірусы з падобнымі ўласьцівасьцямі распаўсюджаныя па ўсім сьвеце.
«Напрыклад, у Нямеччыне летась было зарэгістравана каля 1700 заражэньняў падобным вірусам — не такім самым, а падобным. Але ў Эўропе ён значна менш страшны. Захворваньне, якое ён выклікае, менш цяжкае. І толькі для гэтага штаму вірусу зафіксаваная перадача ад чалавека да чалавека».
Наколькі заразны хантавірус у параўнаньні з каранавірусам?
Вікторыя Дароніна параўноўвае індэксы заражэньня: у каранавірусу індэкс заражэньня быў каля 1,2 — гэта колькі адзін чалавек можа заразіць іншых людзей. А ў гэтага вірусу — 0,01. То бок імавернасьць заражэньня істотна ніжэйшая, сьведчыць навукоўца. Але гэта вельмі небясьпечны вірус.
«Праблема ў тым, што гэта тыповая карціна для вірусаў, якія жывуць у нейкіх жывёлах і пэрыядычна пераскокваюць на людзей. З аднаго боку, яны дрэнна распаўсюджваюцца, бо яшчэ не прыстасаваліся да чалавечага арганізму. З другога боку, яны забіваюць гаспадара зь вялікай імавернасьцю. То бок захворваньне працякае цяжка».
Чаму круізны карабель — месца, дзе лёгка заразіцца?
Мікрабіёляг зьвяртае ўвагу, што людзі, у тым ліку карабельны доктар, заразіліся вірусам на караблі. Дароніна параўноўвае карабель з кубкам Пэтры (гэта лябараторная судзіна, якую шырока выкарыстоўваюць у мікрабіялёгіі для культываваньня калёніяў мікраарганізмаў. — РС).
«Шмат людзей знаходзяцца ў замкнёнай прасторы, усе разам ядуць, дакранаюцца адно да аднаго, на караблі былі лекцыі, яны сядзелі ў адным і тым жа памяшканьні. Таму там не заразіцца цяжка. Але на караблі адносна эфэктыўна пачалі перадухіляць распаўсюджаньне: людзей зачынілі ў каютах».
Ці ёсьць вакцыны супраць хантавірусу
Паколькі людзі адносна рэдка на яго хварэюць, то антыцелаў супраць яго няма, кажа мікрабіёляг.
«Ёсьць вакцыны, але гэта вакцыны супраць карэйскіх штамаў, якія называюцца ксантавірус — ад назвы карэйскай ракі. Таму ў Карэі ёсьць бівалентная вакцына, [якая абараняе ад двух штамаў аднаго вірусу]. Супраць гэтых паўднёваамэрыканскіх вірусаў вакцынаў няма. Гэта адзіны вірус, які перадаецца ад чалавека да чалавека, і гэта ня першы выпадак, калі людзі заражаюцца і перадаюць яго іншым людзям. Вакцынаў няма, лекі толькі падтрымліваюць чалавека падчас хваробы».
Чаму ад гэтага тыпу вірусу высокая сьмяротнасьць
Гэты вірус выклікае гемарагічную ліхаманку. Дароніна ня вельмі хоча згадваць слова «Эбола», але мяркуе, што гэта захворваньне таго ж тыпу, што і Эбола, — калі пачынаюць крывавіць сасуды, зьніжаецца колькасьць белых клетак крыві. Таму і сьмяротнасьць высокая.
Ці магчымая пандэмія, як ад каранавірусу
САЗ заявіла, што, хоць і чакае новых выпадкаў захворваньня, але не прадбачыць маштабнай эпідэміі, падобнай да ковіду, і падкрэсьліла, што няма доказаў рызыкі шырокамаштабнай перадачы вірусу.
Паводле Вікторыі Даронінай, такая ж пандэмія, як з каранавірусам, немагчымая, бо гэты хантавірус не распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам:
«З чалавекам трэба вельмі шчыльна кантактаваць, каб захварэць. Нямытыя рукі, узаемадзеяньне зь нейкімі вадкасьцямі, напрыклад сьлінай. Таму і заразіўся доктар, які іх даглядаў. І таму першая сямейная пара — незразумела, заразіліся яны адначасова ці адзін заразіў другога. Добра, што яны былі на караблі — усе кантакты можна прасачыць. І ўжо прасочваюць. Яны высадзіліся на Тэнэрыфэ, брытанскія грамадзяне будуць у карантыне 45 дзён, бо ў вірусу доўгі інкубацыйны пэрыяд».
Чаму ў гэтага вірусу доўгі інкубацыйны пэрыяд?
Інкубацыйны пэрыяд гэтага тыпу вірусу — да 8 тыдняў. Гэта, з аднаго боку, нетыпова, а з другога — залежыць ад тыпу вірусу, кажа Вікторыя Дароніна.
«Напрыклад, вірус СНІДу можа інкубавацца дзесяцігодзьдзямі. Але хантавірус — гэта іншы вірус, ён ня мае дачыненьня да СНІДу. Аднак, падобна, ён узаемадзейнічае з клеткамі імуннай сыстэмы і ў іх хаваецца. Я ўжо згадвала, што вірус зьніжае колькасьць белых клетак крыві. Таму ён павольна інкубуецца, і гэта займае некалькі тыдняў. Ён, скажам так, хаваецца. COVID няма дзе хавацца. Ён адразу паражае дыхальныя шляхі, апускаецца ў лёгкія, імунная сыстэма пачынае на яго рэагаваць. Але нават з COVID у людзей былі станоўчыя тэсты празь некалькі месяцаў пасьля заражэньня».
Што рабіць людзям, каб унікнуць заражэньня?
Мыць рукі, абеззаражваць, не чапаць рукамі твар, вочы, месцы, куды можа трапіць інфэкцыя, кажа Дароніна:
«Калі вы выконваеце асабістую гігіену, мыеце рукі перад ядой, пасьля прыбіральні — гэтага дастаткова. Нічога асабліва складанага рабіць ня трэба».
Ці засвоеная навука каранавіруснай пандэміі?
Мікрабіёляг адзначае, што пандэмія COVID была значна складанейшая.
«Звычайна такія вірусы лягчэй спыніць на пачатковых этапах. Тут так і адбылося. Зарэгістравалі першаснае заражэньне, карабель ізалявалі. Пакуль маштабы непараўнальныя, таму цяжка сказаць, ці былі засвоеная навука COVID. Тут хутчэй можна параўнаць з mpox — малпінай воспай, якая таксама распаўсюджвалася і была занесеная ў Эўропу. Яна таксама перадаецца праз узаемадзеяньне з чалавечымі вадкасьцямі — сьлінай і гэтак далей. Некаторыя таксама панікавалі і думалі, што гэта будзе паўтарэньне COVID. Але там была вакцына, бо вакцына супраць звычайнай воспы часткова дзейнічае супраць малпінай воспы».
Дароніна асьцерагаецца сытуацыі, калі амэрыканскія пасажыры гэтага карабля не захочуць быць у карантыне і паедуць дадому, а нехта зь іх акажацца заражаным.
«Гэта можа быць іншая гісторыя. Я чытала, што ў амэрыканцаў была спэцыяльная каманда, якая сачыла за такімі эпідэміямі на круізных караблях, дзе часта ўзьнікаюць першапапчатковыя асяродкі заражэньня. Звычайна гэта харчовыя інфэкцыі, але могуць быць і такія экзатычныя выпадкі. Я скажу, што Амэрыка, а магчыма, і сьвет у цэлым, зараз горш падрыхтаваныя да ўзьнікненьня пандэміі, чым былі да COVID. Менавіта з прычыны таго, што адбываецца ў Амэрыцы: там разбурылі сыстэму барацьбы з інфэкцыйнымі захворваньнямі. У Эўропе, будзем спадзявацца, усё значна лепш».
А калі пачнуцца мутацыі вірусу, наколькі гэта небясьпечна?
Вірус ужо мутуе, кажа мікрабіёяляг, — калі ў першай пáры заражаных ён быў цалкам ідэнтычны таму, які вылучылі ў 2019 годзе ў Андах, — так званы андзкі штам — то ўжо ў іншых пасажыраў знайшлі дзьве мутацыі.
«Зь вірусамі так: чым праз большую колькасьць людзей ён праходзіць, тым больш назапашвае мутацыяў. Гэта працэс прыстасаваньня да гаспадара, які павялічвае заразнасьць, але звычайна зьніжае сьмяротнасьць. Калі паглядзець на COVID: штам альфа меў ніжэйшую заразнасьць, але людзей памірала больш, чым ад штаму омікрон, які назапасіў шмат мутацыяў і прыстасаваўся да гаспадара. Зараз COVID, асабліва ў вакцынаваных папуляцыях, стаў падобны да грыпу».
Вікторыя Дароніна спадзяецца, што андзкі хантавірус ня зможа так хутка адаптавацца і ня пройдзе празь вялікую колькасьць людзей, каб павялічыць сваю заразнасьць.
«Але праблема ў доўгім інкубацыйным пэрыядзе. Калі вірус пераскоквае з жывёлаў на людзей, ён звычайна дрэнна перадаецца паміж людзьмі, але забівае гаспадара. А тут інкубацыйны пэрыяд доўгі, таму няма натуральнага адбору штаму, які менш забівае гаспадара. За 40 дзён чалавек можа заразіць шмат іншых. Але, як я кажу, на гэты момант небясьпекі няма. Калі толькі не акажацца, што вялікая колькасьць людзей носіць гэты вірус і ня ведае пра гэта, і іх выпусьцяць у агульную папуляцыю, дзе ён працягне размнажацца».
Што за вірус у Нямеччыне і як ім заражаліся
У Эўропе ёсьць два штамы гэтага вірусу, тлумачыць навукоўца.
«Вірус жыве ў грызунах — мышах, палёўках — і ў іх ён жыве бессымптомна. Часам людзі заражаюцца, напрыклад, удыхнуўшы фэкаліі палёвак. Цяжка ўявіць, як гэта адбываецца, але, дапусьцім, чалавек нахіліўся зрэзаць грыб — беларусам гэта блізка — і ўдыхнуў тое, што пакінула мышка. І вірус трапіў у арганізм. Але гэта ўсё выпадкі заражэньня ў Эўропе. Для эўрапейскіх штамаў не даказана, што яны могуць перадавацца паміж людзьмі. Такая перадача характэрная толькі для паўднёваамэрыканскага андзкага штаму. І людзі, заражаныя андзкім штамам, заразныя толькі вельмі кароткі час — літаральна пару дзён. Таму імавернасьць, што нехта заразіцца, ня вельмі вялікая. Эўрапейскі штам ня вельмі заразны. Што да андзкага, нават калі ён трапіць у Эўропу, ня трэба хвалявацца, бо ўсіх ізалявалі. Так што пакуль рыхтавацца да новай пандэміі ня трэба».
- У панядзелак будзе завершана эвакуацыя пасажыраў круізнага лайнэра MV Hondius, на якім адбыўся сполах хантавірусу. Раней карабель прыбыў на гішпанскі востраў Тэнэрыфэ, адкуль пасажыраў адпраўляюць у іх краіны на эвакуацыйных самалётах. У францужанкі, якая ўжо пакінула карабель, пацьвердзілася заражэньне хантавірусам. Жанчына знаходзіцца ў лякарні, за ноч яе стан пагоршыўся. Усяго з круізнага лайнэра былі эвакуаваныя пяць грамадзян Францыі — яны прыбылі ў Парыж у нядзелю. У жанчыны сымптомы захворваньня зьявіліся падчас палёту.
- У нядзелю міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША паведаміла, што ў аднаго з 17 эвакуаваных амэрыканцаў тэст на наяўнасьць хантавірусу даў станоўчы вынік. Яшчэ ў аднаго назіраюцца лёгкія сымптомы — у яго пакуль не пацьверджана наяўнасьць вірусу. Раней прадстаўнікі міністэрства аховы здароўя Гішпаніі і Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) заявілі, што ні ў аднаго з пасажыраў карабля не назіраліся сымптомы захворваньня.
- Паводле зьвестак СААЗ, апублікаваных у пятніцу, восем чалавек, якія ўжо не знаходзяцца на борце карабля, захварэлі, у шасьці зь іх пацьверджана заражэньне хантавірусам. Няясна, ці ўключаныя выпадкі ў Францыі і ЗША ў гэтую статыстыку. З пачатку сполаху памерлі тры чалавекі — сямейная пара зь Нідэрляндаў і грамадзянін Нямеччыны. Карабель MV Hondius адплыў з Аргентыны каля месяца таму, каб пачаць падарожжа цераз Атлянтыку. На борце круізнага лайнэра былі 147 чалавек з 23 краін.
Форум