Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Золатава заклікала ЗША і ЭЗ не спыняцца ў вызваленьні беларускіх палітвязьняў: «Іх трэба ратаваць»

Былая палітзьняволеная Марына Золатава
Былая палітзьняволеная Марына Золатава

Былая рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава разьмясьціла відэазварот у абарону палітзьняволеных жанчын, якіх яшчэ трымаюць у беларускіх вязьніцах.

Паводле Марыны Золатавай, яшчэ больш за сто жанчын зьняволеныя з палітычных прычын, і яны не заслугоўваюць пакутаў, якія перажываюць.

«Я бачу вочы гэтых жанчын. У іх надзея, трывога, чаканьне. Часам адчай, часам сум. Спробы бадзёрыцца на людзях, калі сэрца разрываецца ад болю. Таму што ня ведаеш, калі ўбачыш родных. А часам ня ведаеш — ці ўбачыш увогуле. Нехта зь іх вядомы, іх згадваюць часьцей, але імёны большасьці зь іх ня скажуць вам нічога. Лекары й мэдычныя сёстры, настаўнікі, цырульніцы, юрысты, адвакаты, журналісты, студэнткі, спартсмэнкі, прадпрымальніцы, дзяржаўныя службоўкі, пэнсіянэркі... Шмат хто зь іх за кратамі ўжо 4, а то і 5 гадоў. Іх трэба ратаваць. Тэрмінова», — заклікала былая палітзьняволеная Марына Золатава, якая сама адбыла за кратамі чатыры з паловай году.

Яна выказала ўдзячнасьць спэцыяльнаму пасланьніку прэзыдэнта ЗША Джону Коўлу і ягонай камандзе за намаганьні ў вызваленьні палітзьняволеных, якія выйшлі зь беларускіх турмаў з 2025 году. «Калі ласка, не спыняйцеся», — зьвярнулася Марына да прадстаўнікоў ЗША і да ўладаў краін Эўразьвязу, якім яна таксама ўдзячная за дапамогу палітзьняволеным.

Асобна Марына Золатава зьвярнулася і да ўладаў Беларусі:

«У вашых сілах спыніць гэта ўсё, прыйшоў час завяршыць з гэтымі рэпрэсіямі. Нават ня дзеля зьняцьця санкцыяў. Дзеля будучыні. Дзеля сябе. Гэтак ня можа далей працягвацца», — мяркуе былая палітзьняволеная журналістка.

Усіх людзей добрай волі Марына Золатва прапанавала стаць голасам «тых, хто сам ня ў стане выступіць у сваю абарону».

  • Былая рэдатарка Tut.by Марына Золатава была вызваленая і вывезеная за межы Беларусі ў сьнежні 2025 году.
  • За кратамі застаецца яе калега Людміла Чэкіна, асуджаная на 12 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 11 траўня 2026 году ў вязьніцах Беларусі застаюцца 848 палітычных зьняволеных.


За каго раней заступалася Золатава

Раней вызваленая і вывезеная зь Беларусі былая галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава ў фэйсбуку напісала пра лёс Вольгі Чукаравай, якая за кратамі перанесла інсульт і страціла зрок. Золатава паведаміла, што ў палітзьняволенай Чукаравай дачка-падлетак — у інтэрнаце, сын — у арміі, маці — інвалід першай групы, прыкаваная да ложка.

Таксама Золатава апублікавала ў фэйсбуку допіс, дзе апісвала цяжкія ўмовы, зь якімі зьняволеныя гомельскай жаночай калёніі сутыкаюцца зімой у маразы. З гэтага допісу стала вядома, што зьняволеная Натальля Левая за кратамі чакае дзіця. Пазьней зьявілася інфармацыя, што яе памілавалі і яна выйшла на волю.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG