Першапачатковая мэта збору складае 10 тысяч эўра, аднак можа мяняцца ў залежнасьці ад колькасьці атрыманых заявак на дапамогу, паведамілі ў BySol. На кожнае дзіця да 16 гадоў абяцаюць выплаціць па 100 эўра.
Заяўкі на атрыманьне дапамогі прымаюцца з 5 па 31 траўня, іх могуць падаць бацькі, якія знаходзяцца ў Беларусі і за мяжой:
- сем’і палітвязьняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў ці абодва знаходзяцца пад вартай не менш за тры месяцы (у тым ліку на «хіміі» з накіраваньнем або без);
- былыя палітвязьні з дзецьмі, вызваленыя пасьля 1 студзеня 2024 года;
- бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію» — пры ўмове, што яны маюць інваліднасьць, або зьяўляюцца пэнсіянерамі, або выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
«Як правіла, гэтыя грошы ідуць на набыцьцё летняга адзеньня, аплату дадатковых заняткаў, псыхалагічную дапамогу і арганізацыю адпачынку. У мінулым годзе падчас падобнай акцыі нам удалося сабраць сродкі для 252 дзяцей. Падтрымліваючы гэты збор, мы паказваем, што адказнасьць і салідарнасьць мацнейшыя за страх і абыякавасьць. Лета павінна заставацца часам дзяцінства — і разам мы можам зрабіць так, каб у гэтых дзяцей яно было больш радасным», — заявілі ў фондзе.