Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве арганізатары прытулку для беларускіх уцекачоў знайшлі новы дом, але патрэбная дапамога

Алеся Буневіч у прытулку для былых палітычных зняволеных у Варшаве, люты 2026 году
Алеся Буневіч у прытулку для былых палітычных зняволеных у Варшаве, люты 2026 году

Для варшаўскага прытулку «Зацішша» патрэбныя сродкі для аплаты паслуг рыэлтараў і юрыстаў, а таксама на мэблю.

Варшаўскі прытулак для беларусаў-уцекачоў «Зацішша» ў траўні плянуе перабрацца ў новы, больш прасторны дом. Знайшлі новы будынак актывісткі Ганна Федаронак і Алеся Буневіч з фонду «Прытуляй мяне», які апякуецца прытулкам.

Але, каб пераезд адбыўся, фонд просіць тэрміновай падтрымкі, патлумачыла Свабодзе Алеся Буневіч.

«Перасяліцца зможам ужо ў пачатку траўня: дамовіліся з гаспадаром дому, але ўзьнікла тэрміновая фінансавая праблема. Яна ў тым, што трэба да канца месяца разьлічыцца з рыэлтарамі: атрымаць іншы будынак ад мэрыі, на што мы разьлічвалі, не ўдалося і ў выніку мы адшукалі новы будынак з дапамогай рыэлтараў. Юрысты дапамаглі дастасаваць дамову з гаспадаром да асаблівасьцяў нашай дзейнасьці. Паслугі спэцыялістаў каштуюць немалых грошай. Разьлічыцца мусім да канца месяца. Нам трэба сабраць 10 тысяч злотых — гэта прыкладна 2 тысячы эўра. Будзем вельмі ўдзячныя беларусам і ўсім людзям, якія акажуць дапамогу», — сказала Алеся Буневіч.


Новы будынак для былых беларускіх палітвязьняў у Варшаве
Новы будынак для былых беларускіх палітвязьняў у Варшаве

Паводле Алесі Буневіч цяпер у прытулку жывуць 12 чалавек, але паток уцекачоў зь Беларусі не спыняецца, таму і спатрэбіўся новы і больш прасторны будынак.

«З групы палітвязьняў, якіх вывезьлі зь Беларусі ў сьнежні, у нас жылі 12 чалавек. У іх быў статус палітвязьняў, ім прызначылі мэнтараў, ім хутчэй дапамаглі з дакумэнтамі. Але большасьць з тых, хто да нас прыяжджае, эвакуяваліся зь Беларусі з дапамогай BySol і яны ў іншым становішчы: часта без статусу палітвязьня, у складаным псыхалягічным стане, у роспачы.

Прыкладам, едуць людзі, якім пагражае перасьлед у „справе Гаюна“, але ў іх няма статусу палітвязьня. Сярод такіх няма вядомых асобаў, але дапамога ім патрэбная ня меншая. Для новага дому ёсьць частка новай мэблі, купленыя пэўныя гаспадарчыя рэчы. Раней, у лютым, мы абвяшчалі збор грошаў на такія патрэбы і ўказвалі там радок пра „фінансавы рэзэрв“. Вось гэтую частку збору цяпер просім выканаць тэрмінова», — распавяла Алеся Буневіч.

Паводле Алесі Буневіч арэнда цяперашняга будынку прытулку «Зацішша» на вуліцы Балотнай заканчваецца 20 траўня.

Рэглямэнт збору сродкаў і рахунак можна знайсьці тут.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG