Пільны збор для апошняй групы вызваленых 19 сакавіка палітвязьняў закрылі, хоць сабралі менш за палову ад заяўленай сумы. Збор абвяшчалі на 250 тысяч эўра, каб кожнаму з 250 вызваленых выплаціць тысячу эўра. Такія выплаты — пастаянная праграма BySol. Аднак сабралі толькі крыху больш за 100 тысяч эўра.
«Плянка была вельмі высокая. Я б не сказаў, што здарыўся правальны збор. Так бывае, што мы не зьбіраем. Першы раз атрымалася з надзвычайным зборам такое. Суму ў 90 тысяч эўра сабраць за некалькі дзён — вельмі крута (размова са Зьмітром адбывалася ранкам 31 сакавіка, да вечара сума сабраных сродкаў павялічылася — РС). Гэта будзе сур’ёзнай дапамогай для скарбонкі, зь якой мы выплачваем палітвязьням», — расказаў Свабодзе прадстаўнік BySol Зьміцер Ягораў.
Папярэдні надзвычайны збор абвяшчалі для групы вызваленых 13 сьнежня палітвязьняў, якіх перш нечакана вывезьлі ва Ўкраіну. Тады група была ўдвая меншая, але ім за некалькі дзён ахвяравалі ўдвая большую суму. Збор абвяшчалі на 100 тысяч эўра, а сабралі 260 тысяч.
Як патлумачыў Зьміцер Ягораў, яны ў фондзе мяркуюць, што ёсьць дзьве прычыны, чаму цяперашні збор не сабралі цалкам. Па-першае, бо ў апошняй групе вызваленых палітвязьняў не было такіх гучных імёнаў, як Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Алесь Бяляцкі. Па-другое, бо значнай частцы вызваленых дазволілі застацца ў Беларусі. Калі раней усіх вывозілі за мяжу, то гэтым разам з радзімы выправадзілі 15 чалавек, а 235 пакінулі ў Беларусі.
«У нашых ахвярадаўцаў узьнікаюць пытаньні, якія яны таксама нам задаюць: „Якім чынам вы зьбіраецеся ім перадаць грошы ў Беларусь, калі гэта небясьпечна?“ і „Навошта ім зьбіраць грошы, калі яны вярнуліся дадому і ўсё ў іх павінна быць добра?“ Другое пытаньне радзейшае», — расказвае Ягораў.
Ён тлумачыць, што фонд не перадае грошы ў Беларусь фізычна, а пераводзіць іх чалавеку на замежны рахунак, калі такі ёсьць, або ягоным родным за мяжой, ці давераным асобам.
На 30 сакавіка BySol атрымаў заяўкі ад 15 чалавек, расказаў прадстаўнік BySol. Зь іх дзесяць чалавек ужо атрымалі выплаты па 1000 эўра.
Зьміцер кажа, што аказваць дапамогу палітвязьням на 1000 эўра — гэта праграма фонду BySol. Грошы для гэтага бяруць з розных крыніцаў: зь Міжнароднага гуманітарнага фонду, праз вось такія надзвычайныя зборы, якія абвяшчаюць пасьля вызваленьня вялікіх групаў, а таксама ад прыватных донараў, якія могуць ахвяраваць суму, большую за сярэднюю.
«Гэтая скарбонка напаўняецца па-рознаму», — тлумачыць суразмоўца.
Ён запэўнівае, што ўсе, хто падасьць заяўку на гэтую дапамогу, яе атрымаюць. Розьніца толькі ў тым, што першыя 90 чалавек змогуць атрымаць грошы «максымальна хутка», бо сродкі ўжо сабралі, а іншым, магчыма, давядзецца нейкі час пачакаць.
«Раней гэты збор моцна напаўнялі з сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду. Было дзьве асноўныя крыніцы: МГФ і тое, што людзі ахвяруюць. Зараз МГФ ня мае, наколькі я ведаю, дастаткова сродкаў, каб гэта далей падтрымліваць, таму мы зьбіраем сваімі сіламі, дзе можам», — кажа Ягораў.
Што фонд будзе рабіць, калі зноў выйдзе вялікая група палітвязьняў?
«Ня маем дакладна акрэсьленага пляну, бо яшчэ няма ніякіх сыгналаў, да якой колькасьці людзей рыхтавацца і калі. Але ў гэтым сэнс нашай працы. Мы будзем працягваць шукаць варыянты, як здабыць гэтыя грошы для людзей. Будзем зноў адкрываць надзвычайны збор, калі будзе чарговае масавае вызваленьне, будзем старацца дапамагаць», — кажа Зьміцер.
У фондзе спадзяюцца, што калі беларусы ўбачаць, што сабраныя грошы даходзяць да адрасатаў унутры Беларусі, то ў іх будзе больш даверу да такіх збораў.
Форум