Улады хочуць яго прадаць з аўкцыёну за 12 892,25 беларускага рубля — у такую суму ацанілі яго рынкавы кошт.
Аўкцыён мае быць на плятформе Беларускай унівэрсальнай біржы а 12:40 29 траўня. Першы крок таргоў складае 644,61 беларускага рубля.
Аб’ект прадаюць як будынак музэйна-турыстычнага комплексу, ён не ўваходзіць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Агульная плошча комплексу складае 426,1 квадратнага мэтра, яго прапануюць купіць разам зь іншымі аб’ектамі — прыбудовай, склепам і калодзежам. Адна з умоваў яго аднаўленьня — захаваць вонкавы архітэктурны выгляд.
Разам з аб’ектам прапануюць у арэнду на 50 гадоў 0,3764 гектараў зямлі. Але яе выкарыстаньне абмежаванае празь месца знаходжаньня — з аднаго боку, гэта ахоўная зона электраліній і сувязі, з другога, зона санітарнай аховы крыніц пітной вады, а з трэцяга — гэта тэрыторыя, пацярпелая ад радыяактыўнага забруджаньня.
Што вядома пра сядзібу
Маёнтак належаў старажытнаму беларускаму шляхоцкаму роду Алешаў гербу Брохвіч, ён вядзе сваю гісторыю з XV–XVI стагодзьдзяў. Яго заснавальнікам быў баярын Пятро Пятровіч Алеша, які ў 1508 годзе атрымаў землі на Піншчыне ад князя Фёдара Іванавіча Яраславіча. Перш род быў праваслаўным, але пазьней прыняў каталіцтва. У 1524 годзе каралева Бона пацьвердзіла правы Пятра Пятровіча Алешы на Беражное, Гарадок і Паркані.
Маёнтак у Беражным (цяпер Новаберажное) у 1890 годзе пабудаваў Канстанцін Алеша, які ажаніўся з Камілай Ордай. Канстанцін быў навукоўцам, атрымаў адукацыю ў Нямеччыне, стварыў у Беражным абсэрваторыю і сумяшчаў навуковую працу зь сельскай гаспадаркай. Быў карэспандэнтам адначасова некалькіх навуковых цэнтраў. Ягоны сын, таксама Канстанцін, стаў апошнім уладальнікам родавага маёнтку. У 1941 годзе выехаў у Польшчу.
Чаму гэта важна
За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя зь іх некалькі гадоў ня могуць знайсьці ўласьнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.
Новымі ўласьнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расеі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвэстараў набытую маёмасьць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.
Форум