Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальны вязень. Што вызваленьне Пачобута мяняе ў Беларусі і ў міжнароднай гульні

Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск (у цэнтры) вітае Анджэя Пачобута на мяжы
Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск (у цэнтры) вітае Анджэя Пачобута на мяжы

Вызваленьне Анджэя Пачобута адбылося па-за рамкамі трэку, да якога ўсе ўжо прызвычаіліся, і разьвязала адну з галоўных праблемаў адносінаў паміж Менскам і Варшавай, піша Валер Карбалевіч.

Галоўнай праблемай лёсу Анджэя Пачобута стала тое, што ён зрабіўся закладнікам напружаных беларуска-польскіх дачыненьняў. Таму ягонае вызваленьне адбылося па-за рамкамі трэку, да якога ўсе ўжо прызвычаіліся. Вызваленьне Пачобута разьвязала адну з галоўных праблемаў адносінаў паміж Менскам і Варшавай.

Сьцісла:

  • Унікальнасьць статусу Анджэя Пачобута палягае ў тым, што за яго ўпарта змагалася Польшча.
  • Менск разумеў палітычную вагу гэтага вязьня, таму максымальна падняў стаўкі.
  • Міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі дапусьціў магчымасьць „перазагрузіць“ дачыненьні зь Менскам пасьля вызваленьня Пачобута.

Унікальнасьць статусу Пачобута

Вызваленьне Анджэя Пачобута пасьля пяці гадоў у беларускіх вязьніцах стала міжнароднай падзеяй. Ня толькі з прычыны вядомасьці, маштабу асобы палітвязьня, але праз акалічнасьці, якія спадарожнічалі гэтаму працэсу.

Вызваленьне Пачобута адбылося па-за рамкамі звычайнага ўжо трэку. Большасьць іншых палітвязьняў выходзілі на волю пасьля чарговага візыту ў Менск спэцыяльага прадстаўніка амэрыканскага прэзыдэнта для Беларусі Джона Коўла.

А вось вызваленьне Пачобута адбылося ў выніку складанай схемы абмену вязьнямі некалькіх краін. Паводле інфармацыі, агучанай польскім бокам і Коўлам, у гэтую апэрацыю былі залучаныя спэцслужбы сямі дзяржаваў. Цяпер зразумела, чаму зь беларускага боку перамовы вёў старшыня КДБ Іван Тэртэль. Да лёсу Пачобута прымяшаліся шпіёнскія гульні.

Унікальнасьць статусу Анджэя Пачобута палягае ў тым, што за яго, як ні за якога іншага палітвязьня, упарта змагалася адна замежная дзяржава – Польшча. Для польскіх палітыкаў ягонае вызваленьне стала пытаньнем прынцыпу, гонару, рэпутацыі. Невыпадкова сустракаць Анджэя Пачобута на мяжу прыехаў польскі прэм’ер Дональд Туск. І якраз з нагоды такога высокага палітычнага статусу ягонае вызваленьне адбывалася цяжэй.

У мэдыя ня раз усплывала інфармацыя, што перашкодай для вызваленьня Пачобута было яго нежаданьне выяжджаць за мяжу. Але, выглядае, гэта было ня так важна для ўладаў Беларусі. Калі б было прынята палітычнае рашэньне аб ягоным выгнаньні, то самога вязьня ніхто б і не пытаў. Пасадзілі б у машыну зь мяшком на галаве, давезьлі б да мяжы і там выштурхалі з краіны. У такіх пытаньнях беларускія сілавікі не цырымоняцца.

Галоўнай праблемай лёсу Пачобута стала тое, што ён зрабіўся закладнікам напружаных беларуска-польскіх дачыненьняў. Паколькі Польшча за яго моцна змагалася, то Менск разумеў, што гэта дарагі «тавар» і за ягонае вызваленьне можна шмат чаго атрымаць. Таму максымальна падняў стаўкі. Напрыклад, улады Беларусі патрабавалі візыту высокага польскага службоўца ў беларускую сталіцу.

Схема вызваленьня

Хоць абмен зьняволенымі паміж краінамі Эўразьвязу з аднаго боку ды Беларусьсю й Расеяй з другога адбыўся паводле схемы «пяць на пяць», але вызваленыя людзі маюць розны статус. Абодва бакі доўга (цэлы год) спрачаліся, імкнуліся не прагадаць і захаваць твар.

Каб вызваленьне магло адбыцца, трэба было знайсьці за кратамі ў Польшчы ці іншых саюзных ёй краінах «цяжкавагавікоў», падобных статусам і палітычнай вагой да Пачобута. Знайшлі двух пэрсанажаў, якія ў пэўным сэнсе пасавалі такімі парамэтрамі. Гэта былы намесьнік начальніка Службы выведкі і бясьпекі Малдовы Александру Бэлян, які працаваў на КДБ Беларусі. І Аляксандар Буцягін, расейскі археоляг, арыштаваны ў Польшчы на запыт Украіны ў сувязі з раскопкамі ў анэксаваным Крыме. Сама па сабе гэтая фігура, можа, не такая знакамітая. Але вакол яе ўзьняўся вялікі мэдыйны ажыятаж, што надало ёй дадатковую сымбалічную вагу.

«Рука Масквы» у гэтым абмене заўважная ня толькі таму, што выйшлі на волю двое грамадзян Расеі. Александру Бэляна афіцыйна абвінавачвалі ў стварэньні выведнай сеткі беларускага КДБ у Эўропе. Але неяк цяжка ўявіць, што спэцслужба Беларусі такая магутная, каб стварыць цэлую выведную сетку ў эўрапейскіх краінах. Здаецца, тут выразна бачны расейскі цень. Увогуле гэты абмен лішні раз пацьвярджае цесную супрацу беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.

Якія пэрспэктывы адкрываюцца?

Вызваленьне Пачобута разьвязала адну з галоўных праблемаў беларуска-польскіх адносінаў. Міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі дапусьціў магчымасьць „перазагрузкі“ дачыненьняў зь Менскам пасьля гэтай падзеі. Калі яшчэ скончацца правакацыі зь мігрантамі на беларуска-польскай мяжы, то можна будзе размаўляць пра адкрыцьцё новых памежных пераходаў, аднаўленьне чыгуначнага руху і іншае.

Варта адзначыць, што вызваленьне Пачобута адбылося ў рамках перамоўнага працэсу паміж Беларусьсю і ЗША. Гэта асабліва падкрэсьлівае Джон Коўл у сваіх публічных тлумачэньнях.

Што тычыцца далейшага лёсу Анджэя Пачобута і развагаў пра ягоную магчымасьць вярнуцца ў Беларусь, дык пакуль мы маем няўцямныя заявы і абяцаньні ананімных беларускіх чыноўнікаў, нібыта дадзеныя ў прыватных размовах. Цана іх сумнеўная.

Няма афіцыйнай інфармацыі пра юрыдычны бок вызваленьня Пачобута. Невядома, ці ёсьць нейкі праўны дакумэнт, на падставе якога ён выйшаў на волю. Можа здарыцца нешта падобнае на казус з Міколам Статкевічам, які, як нядаўна напісаў сам палітзьняволены палітык, фармальна ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі.

Нават калі дапусьціць, што Анджэй Пачобут сапраўды зможа вярнуцца ў Беларусь і не апынуцца зноў у вязьніцы, то гэта будзе ня новае правіла, якое распаўсюджваецца на ўсіх палітэмігрантаў, а эксклюзіўны выпадак, завязаны на дамоўленасьцях паміж уладамі Беларусі і Польшчы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG