Расейскія ўлады ўвялі надзвычайную сытуацыю ў Туапсэ і ваколіцах пасьля удараў Украіны па НПЗ

Мясцовыя чыноўнікі ў Туапсэ на фоне дыму ад магутнага пажару, які пачаўся пасьля ўкраінскай атакі. 28 красавіка 2026
Мясцовыя чыноўнікі ў Туапсэ на фоне дыму ад магутнага пажару, які пачаўся пасьля ўкраінскай атакі. 28 красавіка 2026

На тэрыторыі Туапсінскай муніцыпальнай акругі з 28 красавіка дзейнічае рэжым надзвычайнай сытуацыі рэгіянальнага ўзроўню, ва ўсіх школах скасавалі навучальны працэс, пачалі эвакуацыю людзей і змагаюцца з наступствамі разьліву нафты.

Паводле апэратыўнага штабу ў Краснадарскім краі, уначы пажар з нафтаперапрацоўчага заводу перакінуўся на суседні жылы двухпавярховы дом. Жыхароў будынку пасьпелі эвакуаваць да пачатку гэтага пажару. Патушыць гэты пажар змаглі цягам дзьвюх гадзін.

Агулам, паводле адміністрацыі гораду, з жылых дамоў паблізу з НПЗ эвакуавалі 60 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей.

Расейскія незалежныя каналы паведамілі, што нафта разьлілася па вуліцах горада Туапсэ.

У ліквідацыі разьліву нафты бяруць удзел больш за 300 чалавек і паўсотні адзінак тэхнікі. Улады сьцьвярджаюць, што змаглі сабраць і вывезьці 9 793 кубамэтраў забруджанай зямлі, у тым ліку 2 523 кубамэтраў — за апошнія 24 гадзіны.

Работы праводзяць на трох участках — на марскім тэрмінале і НПЗ, па цячэньні ракі Туапсэ і ў рэчышчы ракі, а таксама на берагавой лініі ад месца, дзе рака ўпадае ў Чорнае мора на адлегласьці прыблізна адзін кілямэтар.

Улады заявілі, што цягам дня вымушаны павялічыць колькасьць сіл, задзейнічаных у тушэньні пажараў і ліквідацыі наступстваў разьліву нафты.

Што папярэднічала

Украінскія ўзброеныя сілы, пачынаючы з 17 красавіка, некалькі разоў атакавалі марскі тэрмінал і нафтаперапрацоўчы завод у Туапсэ. Над горадам, у якім жывуць больш за 60 тысяч чалавек, амаль 10 дзён стаіць чорны дым, жыхароў заклікаюць заставацца дома, не адчыняць вокнаў, часьцей праводзіць вільготнае прыбіраньне, а калі й выходзіць на вуліцу, то толькі ў масках ці рэсьпіратарах.

Мясцовыя актывісты паведамілі праекту «Вот Так», што бачылі вулічных катоў і сабак з прыкметамі атручваньня: цяжкім дыханьнем, чырвонымі вачыма і поўсьцю, пакрытай нафтай.

У сацсетках разыходзяцца відэа «нафтавых» дажджоў з чорнымі лужынамі і асадкам. Улады ж заяўляюць, што канцэнтрацыя шкодных рэчываў не перавышае нормы. Мясцовая пракуратура нават зладзіла 22 красавіка паказальнае высаджваньне дрэваў і апублікавала фота на фоне дыму ад пажару на нафтасховішчы. Допіс пасьля выдалілі, але ён ужо пасьпеў разысьціся па сацсетках.

З 2022 году ўкраінскія сілы больш чым у два разы павялічылі адлегласьць нанясеньня ўдараў па аб’ектах на расейскай тэрыторыі. Гэтыя ўдары сталі вынікам поўнамаштабнай вайны, якую Расея пачала супраць Украіны ў лютым 2022 году пры падтрымцы ўладаў Беларусі.


​
XS
SM
MD
LG