Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі папулярную кнігу «бязглуздых парадаў» для дзяцей Рыгора Остэра правераць на «сумнеўныя ўстаноўкі»

Рыгор Остэр падпісвае сваю кнігу, Масква, 2004 год
Рыгор Остэр падпісвае сваю кнігу, Масква, 2004 год

Кіраўнік Сьледчага камітэту (СК) Расеі даручыў праверыць кнігу «Бязглуздыя парады» Рыгора Остэра на «сумнеўныя з пэдагагічнага гледзішча ўстаноўкі», паведаміла прэс-служба СК.

Пра гэта кіраўнік ведамства Аляксандар Бастрыкін заявіў на паседжаньні каардынацыйнай рады СК у пытаньнях аказаньня дапамогі дзецям, пацярпелым ад гуманітарных катастрофаў, стыхійных бедзтваў, тэрактаў і ўзброеных канфліктаў.

«Асобна абмяркоўваўся зьмест дзіцячай літаратуры: у якасьці нэгатыўнага прыкладу прыведзеныя творы Р. Остэра, якія зьмяшчаюць, на думку ўдзельнікаў, сумнеўныя з пэдагагічнага гледзішча ўстаноўкі. У сувязі з гэтым старшыня СК Расеі даручыў правесьці праверку кніг названага аўтара», — гаворыцца ў паведамленьні СК.

Акрамя гэтага, на пасяджэньні прапанавалі, каб навучаньнем і выхаваньнем дзяцей займаліся ўдзельнікі агрэсіі супраць Украіны.

«Бязглуздыя парады» («Вредные советы») Рыгора Остэра — адна з самых папулярных дзіцячых кніг на расейскай мове. Першыя вершы публікаваліся ў дзіцячых часопісах у 1980-х гадах. З 1990 году выйшла чатыры кнігі гэтай сэрыі.

Ейная папулярнасьць абумоўлена жартаўлівым прыёмам — даваць пэдагагічныя парады ад адваротнага. Рыгор Остэр у першых радках піша, што паслухмяным дзецям кнігу чытаць забаронена, бо яна для неслухаў. «Навукоўцы прыдумалі, што такім дзецям трэба даваць не карысныя, а шкодныя парады. Яны ўсё зробяць наадварот, і атрымаецца якраз правільна», — тлумачыць Остэр у прадмове.

Гэта ня першая спроба забараніць кнігу Остэра. У траўні 2024 году пракуратура Каратускага раёну Краснаярскага краю знайшла ў ягоных дзіцячых вершах «апісаньні жорсткасьці, фізычнага і псыхалягічнага гвалту, антыграмадзкія дзеяньні, якія выклікаюць у дзяцей страх, жах або паніку». Праўда, пазьней пракуратура Краснаярскага краю заявіла, што зьвяртацца ў суд наконт зьнішчэньня гэтай кнігі не зьбіраецца, пісала «Новая газета».

Рыгору Остэру 78 гадоў, ён нарадзіўся ў Адэсе, вырас у Крыме, жыў у Маскве, а пасьля нападу Расеі на Ўкраіну пераехаў у Латвію. Пасьля эміграцыі на яго пачаліся нападкі ў Расеі за антываенную пазыцыю і падтрымку дзеяньняў уладаў Латвіі па дэрусіфікацыі.

Цікава, што калі Остэру было каля дваццаці, ён недзе ў Расеі пазнаёміўся з выбітным беларускім паэтам Анатолем Сербантовічам. У архіве Анатоля засталіся пераклады Остэрам ягоных вершаў на расейскую мову. Пра гэта выходзіў вялікі матэрыял на Свабодзе у 2016 годзе.

А «Бязглуздыя парады» Рыгора Остэра можна пачытаць і па-беларуску.

Сёньня ж у Расеі ў межах справы пра экстрэмізм сілавікі забралі на допыт генэральнага дырэктара выдавецтва «Эксмо» Яўгена Кап’ева і яшчэ некалькі работнікаў. Сьледзтва падазрае Кап’ева ў датычнасьці да распаўсюду раманаў Алены Малісавай і Кацярыны Сільванавай «Лета ў піянэрскім гальштуку» і ягонага працягу «Пра што маўчыць ластаўка». У іх закранаецца забароненая цяпер у Расеі тэма аднаполых стасункаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG