Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскім памежнікам далі права правяраць тэлефоны на мяжы. Гэта пры ўезьдзе можа датычыць і беларусаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянаў Беларусі цяпер правяраюць на ня толькі на межах сваёй краіны, але і ў суседняй Расеі, дзе афіцыйна бязьвізавы ўезд, але кантроль на межы часткова вернуты.

Расейскія памежнікі атрымалі права патрабаваць разблякаваньня мабільных прыладаў пры перасячэньні мяжы. У выпадку адмовы чалавеку пагражае адміністрацыйнае пакараньне — штраф да 7 тысяч расейскіх рублёў (паводле актуальнага курсу гэта 265 беларускіх) ці арышт да 15 дзён.

Такія зьвесткі сталі вядомымі пасьля афіцыйнага тлумачэньня, якое прадстаўніцтву Міністэрства працы Таджыкістану далі ў ФСБ Расеі, піша Газета.Ru.

Акрамя тэлефонаў могуць запатрабаваць аглядзець ноўтбукі і іншыя электронныя прылады. Пад праверку могуць трапіць як замежнікі, так і ўладальнікі расейскага пашпарту.

Права аглядаць рэчы людзей, якія прыбываюць у краіну, супрацоўнікам ФСБ даў новы закон «Аб Дзяржаўнай мяжы Расейскай Фэдэрацыі». Такія захады, як тлумачаць расейскія спэцслужбы, нібыта патрэбныя для процідзеяньня экстрэмізму і кантрабандзе. Адмова разблякаваць прыладу і перадаць правяральніку можа разглядацца як «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы».

Юрысты адзначаюць, што навацыі могуць супярэчыць расейскай Канстытуцыі, бо ў ёй замацаваная абарона ліставаньня. Але пытаньне, ці зьвернецца нехта ў суд з пазовам супраць ФСБ.

Праўнікі таксама ўдакладнілі, што «агляд рэчаў» не азначае «доступу да ліставаньня, пошты, сацыяльных сетак і воблака», а нормы, якая абавязвае даваць уладам доступ да прыладаў, няма.

Такая навацыя пагражае і беларусам, якія ўяжджаюць у Расею, зь якой у Беларусі бязьвізавы рэжым.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG