Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі засудзілі беларуса нібыта за «тэрарызм», хаця нават ФСБ была супраць

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота
Кайданкі, ілюстрацыйнае фота

У Маскве вынесьлі прысуд у справе аб падпале чыгуначнага вагону: 20-гадовага грамадзяніна Беларусі Ільлю Аляшкевіча засудзілі на 16 гадоў калёніі. Ягонаму знаёмаму, жыхару Расеі, прысудзілі 15 гадоў.

Абодвух прызналі вінаватымі ў «тэрарыстычным акце», нібыта зьдзейсьненым у інтарэсах Украіны, паведамляе «Коммерсантъ».

Паводле матэрыялаў справы, маладыя людзі шукалі хуткі заробак і праз Telegram выйшлі на невядомага чалавека, які прапанаваў ім грошы за падпал рамонтнага чыгуначнага вагону ў Падмаскоўі.

Інцыдэнт адбыўся на станцыі Быкава. Паводле вэрсіі сьледзтва, Алешкевіч разьбіў шкло кабіны, заліў унутр бэнзін і падпаліў яго, а сябар здымаў на тэлефон. Відэа нібыта перадалі «куратару» як справаздачу.

Пры гэтым, як сьцьвярджаецца, за выкананае заданьне беларус атрымаў толькі каля 26 даляраў, хоць абяцаная сума складала значна больш. Шкоду чыгунцы ацанілі ў амаль 6 мільёнаў рублёў.

Супярэчнасьці ў справе

Справа першапачаткова разглядалася як тэракт, аднак у ФСБ прыйшлі да высновы, што ў дзеяньнях абвінавачаных няма прыкметаў тэрарыстычных матываў. Там лічылі, што гаворка можа ісьці пра пашкоджаньне транспартных сродкаў — значна менш цяжкае злачынства. Нягледзячы на гэта, сьледзтва вярнулася да артыкулу аб тэрарызьме, які прадугледжвае значна больш суровыя пакараньні.

Адвакаты настойвалі, што падпал ня меў мэты запалохаць насельніцтва ці паўплываць на ўладу. Паводле іх, усё здарылася ўначы, у бязьлюдным месцы, а пажар хутка ліквідавалі, і ён не стварыў небясьпекі для людзей.

Яны таксама зьвярталі ўвагу, што згадкі пра «ўкраінскі сьлед» адсутнічаюць у перапісцы і паказаньнях, а фігуруюць толькі ў фармулёўках самога сьледзтва.

«Хацелі проста зарабіць»

Абарона падкрэсьлівае, што абодва фігуранты — вельмі маладыя людзі зь цяжкім жыцьцёвым досьведам. Адзін зь іх вырас у дзіцячым доме, другі рана пакінуў сям’ю. Паводле адвакатаў, яны шукалі магчымасьць аплаціць жытло і адгукнуліся на сумнеўную «прапанову працы» ў інтэрнэце.

Адвакат назваў прысуд неабгрунтаваным і заявіў, што з чалавека, які спрабаваў зарабіць, «зрабілі тэрарыста». Але суд цалкам падтрымаў пазыцыю абвінавачаньня і прызначыў максымальна жорсткія тэрміны — 16 і 15 гадоў калёніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG