«Амэрыканцы павінны зразумець (многія ў Эўропе зразумелі), што санкцыі не адыгралі сваёй ролі. Мы прыстасаваліся, таму палітзьняволеныя, санкцыі... Слухайце, гэта драбяза, — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА — У нас значна больш пытаньняў, якія трэба ўрэгуляваць. І гэта тэма вялікай угоды. Як толькі мы гэта падрыхтуем на нізкім узроўні, мы гатовыя з Дональдам сустрэцца і падпісаць гэтае пагадненьне».
Лукашэнка дадаў, што ў гэтай угодзе маюць быць улічаны інтарэсы абодвух бакоў.
«Няпраўда, што я гару жаданьнем пабываць у Злучаных Штатах Амэрыкі і проста паціснуць руку Дональду Трампу. Скажу шчыра, прыемна было б убачыць гэтага чалавека сам-насам і паціснуць яму руку. Але гэта не самамэта, гэта не галоўнае», — запэўніў ён.
Лукашэнка таксама расказаў, якой ён бачыць сваю магчымую сустрэчу з амэрыканскім прэзыдэнтам:
«Калі амэрыканскі бок бачыць, што заўтра будзе сустрэча васала з імпэратарам, гэтага ня будзе. Гэта ня нейкая напышлівасьць, ня пеўневая нейкая палітыка. Не, гэта палітыка рэальнага прэзыдэнта, які паважае ўласны народ».
У інтэрвію журналіст RT Рык Санчэс таксама пацікавіўся, ці магчыма такое, што канчатковая мэта Дональда Трампа ў перамовах зь беларускім кіраўніцтвам — дамовіцца з Масквой.
«Ня ведаю, але я быў бы рады, калі б Дональд Трамп у канчатковым выніку за нашымі размовамі і перагаворамі бачыў значна больш. Таму, я думаю, гэта цалкам магчыма, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Можа, ён прамацвае нейкую пазыцыю Беларусі, праектуе яе на Расею. Гэта было б нармальна і разумна. Прынамсі, мы будзем для гэтага рабіць усё».
Адказваючы на пытаньне журналіста RT, Лукашэнка таксама сказаў, што ён ня лічыць, што амэрыканцы маюць мэту ваяваць супраць Беларусі.
«Вось тут якраз наадварот, зыходзячы з тых кантактаў, якія я маю з блізкімі людзьмі Трампа. Ня толькі палітыкамі, але блізкімі людзьмі Трампа, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Я разумею, што нават калі амэрыканцы захочуць з намі ваяваць, ня дай бог, то яны будуць ваяваць з тэрыторыяў балтыйскіх дзяржаваў, Польшчы і гэтак далей».
Сёлета Дональд Трамп запрашаў Лукашэнку ўзяць удзел у першым паседжаньні Рады міру, якое адбылося 19 лютага ў Вашынгтоне. Але тады, паводле прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, той адмовіўся праз ужо складзены працоўны графік і «магчымыя лягістычныя складанасьці, якія могуць узьнікнуць празь незаконныя санкцыі, найперш Эўразьвязу».
На першую сустрэчу Рады міру меўся паехаць міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў, але ён не атрымаў візы.
Форум