Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім пытаньні Трамп будзе ўзьдзейнічаць на Літву «пернікам», а не «бізуном», — амэрыканістка Філіпенка

Амэрыканскія вайскоўцы на вучэньнях у Літве. Архіўнае фота
Амэрыканскія вайскоўцы на вучэньнях у Літве. Архіўнае фота

У праграме «Палітыка з Юрыем Дракахрустам» на YouTube-канале Свабода Premium амэрыканістка Аляксандра Філіпенка адказала на пытаньні аб мэтах амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і аб тым, як ЗША могуць дамагчыся ад Літвы згоды на транзыт беларускіх калійных угнаеньняў

Паводле Філіпенкі, адміністрацыя Дональда Трампа разглядае Беларусь перш за ўсё як інструмэнт уплыву на Маскву і, магчыма, на Пхэньян. Зьняцьцё амэрыканскіх санкцыяў (у тым ліку з калійных угнаеньняў) і магчымасьць аслабленьня эўрапейскіх санкцыяў успрымаюцца Вашынгтонам як частка шырэйшай дамоўленасьці.

Пытаньні дэмакратызацыі Беларусі і кардынальнай зьмены палітычнай сыстэмы для Трампа маюць другараднае значэньне — мяркуе экспэртка. Яна лічыць, што вызваленьне палітвязьняў — гэта прыемны бонус для амэрыканскай адміністрацыі, але не галоўная мэта.

Філіпенка адзначыла, што пасьля чарговага візыту спэцпрадстаўніка Трампа па Беларусі Джона Коўла ў Менск Лукашэнка сустрэўся з Кім Чэн Ынам. Гэта можа сьведчыць аб тым, што Менск перадаваў нейкія сыгналы Вашынгтона Пхэньяну, мяркуе Філіпенка.

Спэцпрадстаўнік Коўл у інтэрвію літоўскаму тэлебачаньню заявіў, што ЗША зацікаўленыя ў адкрыцьці Клайпеды для транзыту беларускіх калійных угнаеньняў. Аднак, паводле ацэнкі Філіпенкі, для Амэрыкі гэта «казырная карта, але не джокер». ЗША самі закупляюць калійныя ўгнаеньні ў Канадзе, таму адкрыцьцё транзыту было б карысным, але не крытычна важным, нават з улікам вайны з Іранам.

Гаворачы аб магчымым ціску на Літву, Філіпенка дапусьціла, што Трамп у сваім стылі мог бы выкарыстоўваць «бізун» — намякнуць на магчымае скарачэньне вайсковай дапамогі або прысутнасьці ЗША ў краінах Балтыі (такія пляны Пэнтагона ўжо агучваліся раней). Аднак яна лічыць, што ў дачыненьні да Літвы Вашынгтон хутчэй абярэ стратэгію «перніка», а не «бізуна». Літва традыцыйна вельмі чуйная да пажаданьняў Вашынгтона і актыўна супрацоўнічае з ЗША.

Пры гэтым пляны Трампа што да вываду амэрыканскіх войскаў з Гішпаніі і Нямеччыны (краінаў, якія не падтрымалі апэрацыю «Эпічная лютасьць» супраць Ірана) адкрываюць для Літвы пэрспэктыву стаць новым месцам разьмяшчэньня гэтых сілаў. Менавіта гэты пазытыўны стымул, на думку Філіпенкі, Вашынгтон і будзе выкарыстоўваць у першую чаргу, каб дамагчыся ад Вільні згоды на транзыт беларускіх угнаеньняў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG