Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-памочнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крамэр засьцярог цяперашнюю адміністрацыю ад збліжэньня з Лукашэнкам

Дэйвід Крамэр. Архіўнае фота
Дэйвід Крамэр. Архіўнае фота

Выканаўчы дырэктар Інстытуту Джорджа Буша-малодшага Дэйвід Крамэр, які ў 2006 годзе быў памочнікам дзяржаўнага сактарата ЗША, мяркуе, што апошнія падзеі ў Беларусі і ў амэрыкана-беларускіх дачыненьнях патрабуюць увагі, нават, калі сьвет сканцэнтраваны на Блізкім Усходзе.

У сваім артыкуле «Ня варта сьпяшацца зь Беларусьсю», апублікаваным на сайце Прэзыдэнцкага цэнтру Джорджа Буша-малодшага, у якім ён зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам, Дэйвід Крамэр прааналізаваў вынікі і наступствы перамоў амэрыканскай дэлегацыі з Аляксандрам Лукашэнкам, скасаваньне санкцый і запрашэньня яго ў Вашынгтон для ўдзелу ў чарговым пасяджэньні Рады міру.

«Перш, чым сьпяшацца з запрашэньнем наведаць Злучаныя Штаты, адміністрацыя павінна згадаць, што Лукашэнка — дыктатар, які знаходзіцца ва ўладзе надаўжэй у Эўропе. Ён прыйшоў да ўлады на выбарах у 1994 годзе і праз маштабныя рэпрэсіі і сфальсыфікаваныя выбары пераканаўся, што ніколі не страціць гэтай улады. Яго залежнасьць ад Масквы ў далейшым кіраваньні падарвала сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі», — напісаў Дэйвід Крамэр.

Палітык нагадаў, што Лукашэнка гадамі зьнішчаў сваіх апанэнтаў і крытыкаў, кідаў у турмы апазыцыйных дзеячаў, каб яны не маглі кінуць яму выклік, фальсыфікаваў выбары, жорстка перасьледаваў пратэстоўцаў супраць падробленых вынікаў выбараў у 2020 годзе, арганізаваў мігранцкі крызіс на межах Эўразьвязу, адыграў ключавую ролю ў поўнамаштабным уварваньні Расеі ва Ўкраіну, гвалтоўна выправаджваў беларусаў зь іх уласнай краіны пасьля вызваленьня з турмы і працягвае ажыцьцяўляць гібрыдныя атакі супраць эўрапейскіх суседзяў.

«Адміністрацыя Трампа, магчыма, спрабуе адцягнуць Лукашэнку ад Пуціна і Расеі, але яна павінна ведаць, што Лукашэнка дзесяцігодзьдзямі падманваў Расею і Захад, гледзячы на тое, які бок можа прапанаваць яму лепшую зьдзелку. Ён застаецца ва ўладзе дзякуючы падтрымцы Пуціна, што робіць яго абавязаным перад сваім расейскім калегам», — адзначыў ён.

Дэйвід Крамэр мяркуе, што адміністрацыя ЗША не павінна сьпяшацца нармалізаваць дачыненьні з рэжымам Лукашэнкі, асабліва ўлічваючы той факт, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе афіцыйна распачаў расьсьледаваньне меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых Лукашэнкам і яго службамі бясьпекі супраць палітычных апанэнтаў.

«Забесьпячэньне свабоды людзей, якія ніколі не павінны былі быць у турме, — гэта добрая справа. Коўл (спэцыяльны пасланьнік Дональда Трампа ў пытаньнях Беларусь. — РС) заслугоўвае пахвалы за свае намаганьні. Зьняцьце некаторых — ня ўсіх — санкцый ЗША, якія былі ўведзеныя для іх вызваленьня, зьяўляецца дарэчным. Але ня варта забываць, што чалавек, які вызваліў гэтых людзей, — гэта той самы чалавек, які кінуў іх у турму. Адміністрацыі ЗША варта двойчы падумаць, перш чым вітаць у Злучаных Штатах дыктатара Эўропы», — заявіў Дэйвід Крмэр.

Пасьля некалькіх раўндаў перамоў з амэрыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам, Лукашэнка агулам вызваліў прыблізна 500 палітычных зьняволеных, большую частку якіх улады Беларусі выправадзілі ў Літву ці Ўкраіну без пашпартоў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG