Такія пакараньні прадугледжваць зьмены ў адміністрацыйныя кодэксы, якія сёньня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Штраф за прапаганду гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, пэдафіліі і бязьдзетнасьці складзе да 900 рублёў, а калі будзе тычыцца непаўналетняга — да 1350 рублёў. Могуць за гэта цяпер і адправіць «на суткі».
Шчыльней возьмуцца і за дзяцей. Зьмены прадугледжваюць «узмацненьне прафіляктыкі правапарушэньняў сярод падлеткаў», — адзначае прэс-служба Лукашэнкі. Пад «захады выхаваўчага ўзьдзеяньня» вылучылі асобны разьдзел.
Зьявіліся і новыя «злачынствы»:
- незаконныя апэрацыі зь лічбавымі знакамі (токенамі),
- парушэньне патрабаваньняў да ахопу тэрыторыяў паслугамі сотавай сувязі і іх якасьці,
- невыкананьне парадку набыцьця службовых легкавых аўтамабіляў і іншыя.
Усяго зьмены закранулі каля 150 артыкулаў.
У 2025 годзе беларускія праваабаронцы прааналізавалі законапраект аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу» і адзначылі, што ён супярэчыць Канстытуцыі.
Дзеяньні ўладаў праўнікі праваабарончых арганізацый разглядалі як «адкрыты напад на правы чалавека і асабістыя свабоды, уключаючы свабоду выказваньня меркаваньняў». На іх думку, забарона на «фармаваньне ўяўленьняў аб прывабнасьці» пэўных аспэктаў асабістага жыцьця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці, рэпрадуктыўнага выбару) «ўскосна канстатуе іх няправільнасьць, і фактычна незаконнасьць».
Згадваньне пэдафіліі ў адным шэрагу з гомасэксуальнасьцю, трансгендэрнасьцю і бязьдзетнасьцю праваабаронцы назвалі «яўнай спробай дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве».
Галоўная праблема новай нормы — паняцьце «прапаганда» ў законе ня вызначана. Як тлумачыць юрыст Дзьмітры Лепрэтар, гэта робіць тэрмін «гумовым»: пад яго можна падцягнуць практычна ўсякае выказваньне.
«Калі падыходзіць з гледзішча законнасьці, то павінен быць нейкі заклік або пераконваньне трымацца таго ці іншага ладу жыцьця. Але, як мы бачым на прыкладзе расейскай практыкі, усякае згадваньне ЛГБТК+ ужо можа лічыцца прапагандай», — тлумачыць ён.
Беларускі закон ёсьць, у істоце, калькай з расейскага. І расейская практыка ўжо паказвае, куды гэта вядзе: нават вясёлку на пачку марозіва абвясьцілі «прапагандай гомасэксуальных адносін».
Форум