Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьнікла яшчэ адна вёска, зноў у Віцебскай вобласьці

Талачынскі раён, архіўнае фота
Талачынскі раён, архіўнае фота

За апошнія пяць гадоў краіна страціла восем дзясяткаў населеных пунктаў, іх колькасьць няўхільна і амаль штомесяц скарачаецца.

Улады прызнаюць вёскі адну за адной бязьлюднымі і сьціраюць з мапы. Гэтым разам афіцыйна зьліквідавалі вёску Стуканы ў Талачынскім раёне. Вёска была «прывідам» — там ужо амаль 20 гадоў не было жыхароў, даведалася выданьне Orsha.eu.

Вёска належала да Воласаўскага сельсавету. Яшчэ 24 сакавіка дэпутаты Талачынскага раённага савету афіцыйна пастанавілі «скасаваць» вёску, пра што выдалі асобнае рашэньне. Цяпер яго апублікавалі на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.

Стуканы вялі сваю гісторыю з ХVII стагодзьдзя. Яшчэ ў 1670 годзе згадваўся маёнтак Стуканы ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.

Пры гэтым тэрыторыя вёскі і яе насельніцтва ніколі не былі вялікімі. У 1909 годзе тут быў фальварак з дваром і 20 жыхарамі, тады Стуканы ўваходзілі ў Зарэчна-Талачынскую воласьць Сеньненскага ўезду Магілёўскай губэрні.

Ужо ў найноўшы час, пры ўладзе Лукашэнкі, вёска вельмі хутка заняпала. Калі ў 1999-м у Стуканах было 13 жыхароў, дык да 2009 году ўжо нікога не засталося. Апошнія 16 гадоў Стуканы былі цалкам бязьлюднымі.

Віцебская вобласьць разам з Гомельскай найбольш цярпяць ад вылюдненьня. У 2025 годзе пасёлкі і вёскі зьнікалі з мапы толькі там: у Гомельскай шэсьць населеных пунктаў, тры — у Віцебскай.

Сёлета сумная тэндэнцыя захоўваецца. У лютым Лёзьненскі выканкам зьліквідаваў вёску Бель Бабінавіцкага сельсавету.

Гісторыя вёскі была драматычнай. У час ІІ Усясьветнай вайны Бель спалілі, але ў мірны час яе былыя жыхары захацелі вярнуцца на старое месца. Бель стала «адроджанай вёскай», з наноў пабудаванымі дамамі. Аднак затым стала занепадаць, жыхары паўміралі або выехалі зь Белі, а празь нейкі час у вёсцы нават не засталося дамоў.

Згодна са зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, з 2021 году лік населеных пунктаў Беларусі зьменшыўся з 23 250 да 23 190 у 2025 годзе.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», якое вядзе ўлік зямлі і адпаведна пералік населеных пунктаў, паведаміла, што на пачатак 2026 году ў краіне налічвалася ўжо толькі 23 172 населеныя пункты, у тым ліку 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадзкога тыпу і 22 972 вёскі. Такім чынам, толькі за апошні год лік паселішчаў скараціўся на 18 — з 23 190 у 2025 годзе да 23 172 на пачатак 2026 году.ч

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG