Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская павіншавала старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу зь юбілеем

Архіўнае фота. Івонка Сурвіла і Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў 2022 годзе
Архіўнае фота. Івонка Сурвіла і Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў 2022 годзе

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Івонцы Сурвіле за шматгадовую працу дзеля Беларусі і беларусаў.

У размове зь ёй па відэасувязі Ціханоўская адзначыла і гістарычную ролю Рады БНР, а таксама павіншавала Івонку Сурвілу з выхадам кнігі «У восем гадоў я была на вайне».

«Усё сваё жыцьцё вы прысьвяцілі Беларусі. Дзе б вы ні былі, якія б пасады і ролі не займалі — вы заўжды працавалі на карысьць нашай любімай Бацькаўшчыны. Вы ўздымалі беларускае пытаньне ў высокіх кабінэтах, дапамагалі беларусам у выгнаньні, ратавалі дзетак пасьля Чарнобыльскай трагедыі. Вы абʼядноўваеце ўсіх беларусаў — тых, хто апынуўся ў выгнаньні, і тых, хто заставаўся дома», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Яна адзначыла чалавечнасьць, цеплыню і эмпатычнасьць Івонкі Сурвілы і падзякавала ёй за працу дзеля Беларусі і любоў да яе.

«Вашыя парады мне вельмі дапамаглі на самым пачатку майго палітычнага шляху, і я часта зьвяртаюся да іх зноўку», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Івонка Сурвіла сказала Сьвятлане Ціханоўскай, што за беларушчыну трэба змагацца ўвесь час, а таксама даводзіць усім, што беларусы — мірны народ, які хоча далучыцца да цывілізаванай Эўропы.

11 красавіка старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонцы Сурвіле споўнілася 90 гадоў.

Івонка Сурвіла нарадзілася ў Стоўпцах, першыя гады жыцьця правяла ў Засульлі, потым з бацькамі пераехала ў Баранавічы. Потым былі Ўсходняя Прусія, Данія, затым — Парыж, Мадрыд, Атава... Яна вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, скончыла лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага ўнівэрсытэту. Рыхтавала беларускія перадачы на Гішпанскім радыё ў Мадрыдзе, працавала ў Бюро перакладаў пры Фэдэральным урадзе Канады. Была сузаснавальніцай і старшынёй канадзкага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Ад 1997 году Івонка Сурвіла — Старшыня Рады БНР. У 2008 годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшла кніга ўспамінаў Івонкі Сурвілы «Дарога».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG