Івонка Сурвіла нарадзілася ў Стоўпцах, першыя гады жыцьця правяла ў Засульлі, потым з бацькамі пераехала ў Баранавічы. Потым былі Ўсходняя Прусія, Данія, затым — Парыж, Мадрыд, Атава... Яна вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, скончыла лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага ўнівэрсытэту. Рыхтавала беларускія перадачы на Гішпанскім радыё ў Мадрыдзе, працавала ў Бюро перакладаў пры Фэдэральным урадзе Канады. Была сузаснавальніцай і старшынёй канадзкага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Ад 1997 году Івонка Сурвіла — Старшыня Рады БНР. У 2008 годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшла кніга ўспамінаў Івонкі Сурвілы «Дарога».
Свабода павіншавала Івонку Сурвілу зь юбілеем і папрасіла яе адказаць на некалькі пытаньняў.
— Скажыце, калі ласка, які быў бы для вас найлепшы падарунак?
— Безумоўна, каб штосьці сталася і Беларусь стала нашай беларускай, дэмакратычнай, цывілізаванай, эўрапейскай краінай. Вось тады гэта было б маё шчасьце. Я магла б тады жыць спакойна.
— Якія самыя шчасьлівыя моманты ў вашым жыцьці, зьвязаныя з вашымі падарожжамі ў Беларусь, з кантактамі зь беларусамі?
— Было вельмі шмат шчасьлівых момантаў. Я фактычна ўвесь час жыву Беларусьсю. Кожны раз, калі здараецца нешта добрае, я адчуваю сябе вельмі шчасьлівай, але адначасова вельмі перажываю ўсё дрэннае. Таму даць адзін адказ амаль немагчыма. Калі я была ў Беларусі, я была надзвычай шчасьлівая. Я адведала хату сваіх бацькоў, адведала хату майго мужа над ракой Вяльлёй. Гэта ўсё было марай усяго жыцьця.
Магчыма, найбольш шчасьлівы момант — гэта калі прызямляўся самалёт у Беларусі ў 1992 годзе, калі я прыехала на канфэрэнцыю «Сьвет пасьля Чарнобыля». Гэта быў сапраўды фізычна адчувальны момант шчасьця — цяжка нават уявіць. Але ўвогуле ў мяне сотні прыгожых і шчасьлівых успамінаў, зьвязаных зь Беларусьсю.
— Хто былі і хто ёсьць самыя важныя людзі ў вашым жыцьці — у мінулым і цяпер?
— Самы важны чалавек, палова майго жыцьця — гэта Янка, мой муж. Мы былі нібы лёсам прызначаныя быць разам. Мы аднолькава думалі, працавалі, любілі Беларусь. Пасьля гэтага — мае дачушкі, адна зь якіх ужо не жыве, і я вельмі яе любіла. Акрамя таго, у мяне заўсёды было шмат добрых сяброў сярод беларусаў — і ў Радзе БНР, і па-за ёю. Гэта людзі, з якімі мы разам працавалі і марылі пра Беларусь.
Было шмат важных момантаў. Напрыклад, калі нам удалося прывезьці чарнобыльскіх дзяцей у Канаду. Гэта былі сем гадоў цяжкай працы, але разам з тым і самыя шчасьлівыя моманты, якія можна ўявіць.
Вельмі шчасьлівым быў дзень, калі я выйшла замуж за Янку. Мы чакалі гэтага шэсьць гадоў. Яшчэ адзін незабыўны момант — нараджэньне маёй першай дачкі, Ганулькі. Янка сядзеў каля мяне і чакаў, пакуль я прачнуся, каб сказаць, што ў нас нарадзілася цудоўная дзяўчынка. І гэты момант быў такім жа шчасьлівым, як і той, калі я прызямлілася ў Менску ў 1992 годзе.
— З кім вы зьвязваеце надзеі на тое, што Беларусь урэшце стане незалежнай, вольнай, дэмакратычнай краінай?
— Я думаю, што інакш і быць ня можа. З кожным годам усё больш беларусаў вераць у Беларусь і гавораць па-беларуску. Эмігранты, якія выехалі за мяжу, зразумелі, як моцна яны любяць Беларусь. Як казаў Міцкевіч: толькі калі страціш краіну, разумееш, наколькі яна табе дарагая. Я думаю, што гэтыя людзі вернуцца з новымі сіламі і энтузіязмам, каб адбудоўваць Беларусь. Але перад гэтым павінны адбыцца зьмены ў сьвеце: павінен зьмяніцца рэжым у суседняй краіне, павінна скончыцца вайна ва Ўкраіне. Тады будзе лягчэй. Гэта зойме яшчэ крыху часу, але пакуль мы верым у перамогу і ў вольную, незалежную, эўрапейскую Беларусь — мы гэтага дасягнем.
— Як вы будзеце адзначаць свой дзень народзінаў?
— Тут, у беларускай супольнасьці ў Канадзе, перавыдалі мае ўспаміны з вайны. Я калісьці напісала іх па-француску — пра дзесяць месяцаў, калі мы ратаваліся і ехалі ад Баранавічаў да Даніі. Цяпер сябры пераклалі гэтыя ўспаміны на беларускую мову і выдалі кнігай. У нядзелю будзе прэзэнтацыя гэтай кнігі з нагоды маіх 90 гадоў. Будзе вялікае сьвята, падрыхтавалі невялікую выставу маіх карцін. Прыедзе шмат людзей, а таксама мая дачка Ганя і ўнучка Шарлота. Я думаю, што гэта будуць вельмі асаблівыя ўгодкі.
Форум