СТВ заяўляе, што новы канал CTVPLUS быў выдалены ў сувязі з санкцыямі, і падкрэсьлівае, што ні канал, ні яго кіраўніцтва пад санкцыямі не знаходзяцца.
3 красавіка YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай».
«Сёньня відэахостынг YouTube амэрыканскай кампаніі Google выдаліў беларускія каналы БЕЛТА, СТВ і АНТ. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь нэгатыўна ацэньвае гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцьцё неабходных мераў рэагаваньня», — заявілі ў Мінінфарме.
«YouTube, здаецца, зрабіў апошнія крокі да прызнаньня экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнай блякіроўкі ў Беларусі. Амаль усе асноўныя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БЕЛТА, АНТ, СТВ) выдаленыя зь YouTube!» — заявілі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі.
Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэахостынгу» з прычыны санкцый. Пры гэтым дадала, што БЕЛТА не знаходзіцца пад санкцыямі.
«YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — заявілі ў СТВ.
На тэлеканале АНТ адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў.
Адзін з найбуйных прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у адказ на выдаленьне каналаў дзяржСМІ заклікаў задумацца аб працы відэахостынгу ў Беларусі краіне.
Блякаваньне з боку YouTube каналаў беларускіх СМІ «можна і трэба назваць падступнай інфармацыйнай дывэрсіяй, актам агрэсіўнай палітычнай цэнзуры» — заявіла сёньня афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.
«Гэтае барбарства XXI стагодзьдзя, якое спрабуюць апраўдаць рознымі падставамі, напрыклад, барацьбой з нпраўдзівым кантэнтам. А чаму зь сябе не пачнуць?» — сказала Захарава.
- Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто спажываў кантэнт незалежных мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі. Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.