Стаў вядомы прысуд 31-гадоваму айцішніку з «Варгеймінга» Глебу Рыбчанку, асуджанага па палітычных матывах. Пасьля апэляцыі Вярхоўны суд замяніў 15 гадоў зьняволеньня на 14, піша «Вясна».
Глеб доўгі час жыў і працаваў пад Санкт-Пецярбургам у кампаніі «Леста» — расейскім падразьдзяленьні «Варгеймінга», якое з 2022 году валодала правамі на «Сьвет танкаў» у Расеі і Беларусі.
Рыбчанка ёсьць у зьлітай базе чорнага сьпісу Цэнтрабанку Расеі. Прычынай стала адмова ў грашовым пераводзе за «фінансаваньне тэрарызму». Падобна, ён спрабаваў заданаціць Палку Каліноўскага з расейскай карткі. Адбылося гэта ў сакавіку 2022 году.
Ёсьць Глеб і ў расейскай базе «Апазыцыянэры», якую стваралі расейскія сілавікі, каб лягчэй маніторыць нязгодных з вайной і актывістаў.
Глеб — аматар відэагульняў, ён шмат часу праводзіў у тэматычных чатах. У беларускіх чатах хлопец пісаў па-беларуску.
Артыкулы, паводле якіх яго судзілі:
- Распальваньне варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК)
- Падрыхтоўка да зьдзяйсьненьня тэрарыстычнага акту арганізаванай групай або ў выніку якога загінуў чалавек (ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК)
- Удзел у тэрарыстычнай арганізацыі (ч. 2 арт. 290-4 КК)
- Падрыхтоўка да прывядзеньня ў нягоднасьць шляхоў зносінаў ці транспартнага сродку (ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309 КК)
- Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК)
- Паклёп на Лукашэнку (ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК)
- Абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК)
- Дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК)
КДБ абʼявіў яшчэ пра два «экстрэмісцкія» фармаваньні
Гэта «Премия Дайвера», да якой, паводле сілавікоў, мае дачыненьне Андрэй Лапіцкі. Тэлеграм-канал, пазначаны ў апісаньні гэтага «фармаваньня», пазыцыянуе сябе як «аўтарскі канал Diver D і неабыякавых паэтаў», створаны «для падтрымкі Ўкраіны». На яго падпісана 326 карыстальнікаў, піша «Позірк».
А таксама «Белорусская национальная коалиция», да якой, паводле сілавікоў, датычныя:
- Мікалай Бандарэнка
- Максім Бародзіч
- Кіра Баярэнка
- Сяргей Другакоў
- Аляксандар Ергулевіч
- Вольга Карпушонак
- Мікіта Крыўцоў
- Міхаіл Кучараў
- Кацярына Кучук
- Ала Мартыновіч
- Ільля Міронаў
- Сяргей Пушноў
- Тацьцяна Радзевіч
- Юры Рудзь
- Натальля Фідлер
- Алена Філатава
«Беларуская нацыянальная кааліцыя» — праект «пераходнага органа стратэгічнага кіраваньня і прадстаўніцтва беларускага народа», стварыць які мела намер група апанэнтаў Сьвятланы Ціханоўскай, піша «Позірк».
Цяпер у пераліку 386 пазыцыі, 348 арганізацый.
Затрымалі беларускага грамадзкага актывіста Віктара Яўмененку
Яго ўжо некалькі месяцаў трымаюць у СІЗА ў Калядзічах паводле абвінавачаньня ў шэрагу палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паведаміла «Вясна».
Віктар — шматдзетны бацька, сябра руху «За Свабоду», удзельнічаў у мясцовых выбарах у Салігорску ў 2010 годзе,
У 2020-м годзе ён быў падазраваным у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).
Улады дадалі ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў яшчэ тры рэсурсы
- Чык Чырык (Telegram-група)
- Byaroza_info (Telegram — і YouTube-канал)
- СИЗО № 1 Колядичи (Telegram-група — ID 1168669352) (паўторна)
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 17 чалавек
- Андрэй Балмакоў
- Аляксандар Гетчанка
- Дзьмітры Кажадуб
- Анастасія Каваленка
- Юлія Каваленка
- Анатоль Каліноўскі
- Дзьмітры Касенка
- Сяргей Комар
- Міхаіл Палазьнік
- Цімафей Пугачоў
- Аляксей Пустаход
- Юрый Рукшта
- Дзьмітры Чавусаў
- Аляксандар Чыкіндзін
- Сяргей Шчарбакоў
- Андрэй Янковіч
- Віктар Яўмененка
Цяпер у Беларусі 922 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 962. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.
Гомельскі рэстаран, дзе затрымалі ўдзельнікаў «Гуканьня вясны», закрыты «па тэхнічных прычынах»
У аб’яве сказана, што рэстаран не працуе з 3 красавіка па тэхнічных прычынах «да ліквідацыі непаладак». Фота з аб’явай у сацсетках заўважыла «Люстэрка».
Фальклёрны абрад праводзіўся ў закрытым дворыку кавярні 21 сакавіка, у ім удзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек. Некаторых удзельнікаў сьвята затрымалі, аштрафавалі і арыштавалі.
Форум