Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі назваў становішча на фронце найлепшым для Ўкраіны за апошнія 10 месяцаў

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны адзначыў посьпехі ўкраінскіх абаронцаў на фронце у вызвольнай вайне супраць Расеі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі заявіў, што становішча на фронце для Ўкраіны найлепшае за апошнія 10 месяцаў.

Палітык у сваіх словах для журналістаў украінскіх СМІ спаслаўся на даныя ўкраінскай і брытанскай выведак, атрыманыя 1 красавіка.

«Агулам фронт трымаецца. Таму выснова брытанскай выведкі заключаецца ў тым, што сытуацыя складаная, але найлепшая за апошнія 10 месяцаў. Гэта справядлівая выснова. Я ўдзячны ўсім нашым падразьдзелам, якія гэта забясьпечваюць», — цытуе прэзыдэнта Укрінформ.

Брытанская выведка публічна не агучвала зьвестак, на якія спаслаўся Зяленскі, адзначыла Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Зяленскі дадаў, што наступ, які расейскія войскі плянавалі на сакавік, быў сарваны дзеяньнямі ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Таму цяпер расейцы проста ўзмоцняць штурмавыя апэрацыі. Пакуль што мы ня бачым глябальнай пагрозы», — дадаў ён.

Акрамя таго, украінскі кіраўнік адзначыў, што запрасіў амэрыканскіх перамоўцаў наведаць Кіеў і пачуў «станоўчыя сыгналы» ў адказ на сваю прапанову.

«Гэта альтэрнатыўны варыянт трохбаковай сустрэчы на ўзроўні тэхнічных групаў. Амэрыканская група можа прыехаць да нас, а пасьля нас — у Маскву. Калі мы ўтрох ня можам, давайце зробім гэта так — паасобку. Гэта наша прапанова», — цытуе словы Зяленскага «Інтэрфакс».

Зяленскі дадаў, што Ўкраіна таксама накіравала ў ЗША запыт адносна велікоднага спыненьня агню. Паводле слоў прэзыдэнта, невядома, ці зможа амэрыканскі бок данесьці гэтае пасланьне да Расеі, але ўкраінская прапанова застаецца. Таксама ён паведаміў, што Ўкраіна пакуль не атрымала сыгналу аб тым, што можа адбыцца прыпыненьне паставак зброі згодна праграмы PURL, якая прадугледжвае закупку амэрыканскай зброі для Ўзброеных сіл Украіны за кошт краінаў-сябровак NATO.

31 сакавіка Зяленскі гаварыў, што Расея ў рамках перамоваў патрабуе ад Украіны вывесьці войскі з Данецкай вобласьці на працягу двух месяцаў.

«Яны кажуць, што праз два месяцы захопяць усходнюю Ўкраіну, захопяць Данбас. І таму ёсьць два месяцы на вывад. І вайна скончыцца. А калі Ўкраіна ня выведзе войскаў, тады Расея захопіць Данбас, і тады будуць іншыя ўмовы», — сказаў Зяленскі.

Паводле інфармацыі Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Крамль спрабуе стварыць «ілжывае пачуцьцё тэрміновасьці», спрабуючы прымусіць Украіну саступіць неакупаваную расейцамі частку Данецкай вобласьці. Раней расейскія войскі даказалі сваю няздатнасьць захапіць гэтыя землі на полі бою.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG