Зяленскі паведаміў пра «сыгналы ад партнэраў» аб скарачэньні ўдараў па расейскай энэргетыцы.
«Мы ня проста наносім удары па Расеі. Мы адказваем. Пасьля пачатку энэргетычнага крызісу ў сьвеце мы атрымалі сыгналы ад некаторых партнэраў аб скарачэньні нашых адказаў на нафтавы і энэргетычны сэктары Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў ён.
Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна ня будзе ўдараць па расейскай энэргетыцы, калі Расея не ўдарыць па ўкраінскай энэргетыцы. Паводле яго слоў, Кіеў гатовы абмяркоўваць любое спыненьне агню:
«Поўнае спыненьне агню. Спыненьне агню ў энэргетыцы. Спыненьне агню адносна харчовай бясьпекі. Мы ўсё гэта прапанавалі. І мы адкрытыя. Калі расейцы гатовыя, няхай прапануюць на любы тэрмін — мы гатовыя вырашыць гэтае пытаньне».
Кіраўнік Украіны таксама адзначыў, што падчас свайго паездкі па Блізкім Усходзе ён абмеркаваў з лідэрамі краінаў рэгіёна разблякаваньне Армузскага праліва. Ён назваў гэтае пытаньне балючым для ўсяго сьвету, бо блякаваньне праліва правакуе энэргетычны крызіс.
«Краіны Блізкага Усходу ведаюць, што могуць разьлічваць на наш вопыт у гэтай галіне», — сказаў ён.
- Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў канцы мінулага тыдня зьдзейсьніў паездку па краінах Блізкага Усходу. У прыватнасьці, 29 сакавіка ён абмеркаваў з каралём Ярданіі Абдалой II магчымае партнэрства ў сфэры бясьпекі.
- Нядаўна ўрад Расеі прыняў рашэньне забараніць экспарт бэнзіну з Расеі з 1 красавіка на фоне нападаў Украіны на расейскія нафтаперапрацоўчыя аб’екты.
- Пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі розныя абʼекты на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі падвяргаюцца авіяўдарам. Найбольш частымі абʼектамі нападаў у 2024 і 2025 гадах былі нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ). Таксама падвяргаюцца ўдарам расейскія абʼекты на акупаваных тэрыторыях Украіны.
- Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны пацьвердзіў большасьць нападаў, заявіўшы, што Армія абароны Украіны «сыстэматычна рэалізуе меры, накіраваныя на зьніжэньне баявога патэнцыялу расейскіх акупацыйных войскаў, а таксама на прымушэньне Расейскай Фэдэрацыі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны».
Форум