Адкрываючы паліклініку ў менскім мікрараёне «Ўсходні», Аляксандар Лукашэнка распавёў, як, паводле ягонай інфармацыі, лячылі палітвязьня Міколу Статкевіча пасьля інсульту за кратамі:
«Вунь паглядзіце, што робіцца ў хвалёнай Польшчы, куды некаторыя нашы пабеглі, а зараз тысячамі просяцца ў дыктатуру: „Мы дадому жадаем!“. Прыклад таму — Коля Статкевіч.
Пасядзеў-пасядзеў на мяжы на лавачцы і дамоў вярнуўся. А не вярнуўся б — ужо б пахавалі. Вы яго выратавалі нядаўна — інсульт. Адвезьлі да Румо (у Менскі НПЦ хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі). Адзіны апарат у краіне, па-мойму (трэба паглядзець, можа, яшчэ пару штук купіць). Выратавалі мужыка», — заявіў Лукашэнка.
Што расказваў пра сваю хваробу Статкевіч
Былы палітвязень Мікола Статкевіч працягвае аднаўляцца пасьля інсульту ў сваёй кватэры ў Менску. У сваім тэлеграм-канале ён сярод іншага распавёў стан свайго здароўя.
«Безумоўна, праблемы ёсьць. І нават не праз умовы ўтрыманьня ў калёніі. Хаця мяне 6 разоў запар каралі 6 месяцамі адзіночнай камэры — ёсьць на асобым рэжыме такі від пакараньня з максымальным тэрмінам 6 месяцаў — камэра памерамі 1×3 мэтры, з „прагулкамі“ па паўгадзіны ў дзень у ненашмат большай амаль глухой мэталічнай скрыні пад мэталічным дахам са штучным асьвятленьнем нават днём. Ды яшчэ 1-2 разы штомесяц трапляць у ШЫЗА, у якім я правёў агулам каля году», — паведаміў Статкевіч.
Мікола Статкевіч заявіў сярод іншага, што інсульт за кратамі ў яго здарыўся праз брак патрэбных лекаў і быў справакаваны «штучна і наўмысна».
Падкасіла Міколу Статкевіча адсутнасьць неабходнага леку, які раней перадавала жонка Марына.
«Пасьля другога ковіду ў Гомельскім СІЗА дактары прапісалі мне пэўныя лекі. Марына дасылала мне іх у калёнію, з частымі перабоямі, але яны даходзілі і мне іх выдавалі. Гэта тры гады было адзіным сродкам камунікацыі паміж намі. Бо, атрымаўшы мэдычную бандэроль, я ведаў, што Марына жывая. А яна адсочвала тыя бандэролі па кодзе і, калі іх забіралі з пошты, ведала тое ж. Але зь верасьня мінулага году маё месцазнаходжаньне проста хавалі, таму, адпаведна, Марына ня ведала, дзе я, у калёніі ёй казалі, што мяне там няма, і яе мэдычныя бандэролі не прыходзілі. Мне сказалі, што будуць выдаваць свае „аналягі“», — апісаў сытуацыю Статкевіч.
Прафіляктычны сродак ад утварэньня тромбаў у крыві «Ксарэлта», прапісаны дактарамі, Статкевічу замянілі на звычайны асьпірын. Потым дактары казалі яму, што «такая замена пры пасьляковідных праблемах недапушчальная, што гэта яна і выклікала інсульт».
«Такім чынам, у мяне ёсьць усе падставы лічыць, што гэты інсульт быў справакаваны штучна і наўмысна. Але лекары ў турэмных лякарнях, дзякуй ім, зрабілі ўсё, каб мінімізаваць яго наступствы», — робіць выснову Статкевіч.
Акрамя маўленьня, фізычныя функцыі Міколы Статкевіча засталіся непашкоджанымі. Зараз Статкевіч пачуваецца добра, у яго нармальны ціск, аднаўляецца, займаецца зь лягапэдам.
Форум