Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна камісія забараняе кнігі, другая каардынуе першую, трэцяя дазваляе вяртацца. Што за структуры змагаюцца ў Беларусі з «экстрэмізмам»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі стварылі дзясятак структураў для барацьбы з іншадумствам. Свабода паглядзела, як працуе гэтая сыстэма.

У Беларусі барацьбой з іншадумствам займаюцца ня толькі сілавікі і суды. Пачынаючы з 2020 году, улады стварылі цэлую сыстэму розных структураў, куды ўваходзяць чыноўнікі, выкладчыкі ВНУ ды іншыя спэцыялісты. Расказваем падрабязьней, як сыстэма стваралася і чым займаюцца гэтыя структуры.

З чаго ўсё пачалося

Стварэньне структуры розных адзінак, якія ў Беларусі змагаюцца з «экстрэмізмам», пачалося з пастановы ўраду ад 12 кастрычніка 2021 году. Яна называлася «Аб мерах супрацьдзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». Якраз гэты дакумэнт пачаў фармаваць структуру будучага апарату, які будзе прызнаваць няўгоднымі сусьветна вядомыя кнігі, рэсурсы, гістарычную сымболіку.

У ім жа вызначаліся функцыі канкрэтных ведамстваў — якія сьпісы «экстрэмістаў» вядзе КДБ, якія МУС, што вырашаюць суды, а што камісіі.

Самая галоўная камісія

Першая і самая галоўная камісія стварылася ўжо 21 лістапада 2021 году паводле ўказу Лукашэнкі. Яе назвалі «Міжведамасная камісія для супрацьдзеяньня экстрэмізму і барацьбы з тэрарызмам».

Паводле ўказу, гэтая камісія каардынуе ўсё іншыя структуры, які займаюцца «барацьбой з экстрэмізмам», ацэньвае іх, праводзіць навучаньне, аналізуе, як ідзе праца. Гэта найвышэйшы орган усёй «антыэкстрэмісцкай» сыстэмы. Кіруе камісіяй дзейны дзяржаўны сакратар Савету Бясьпекі, з таго часу і цяпер гэта Аляксандар Вальфовіч. Таксама ў яе ўваходзяць генэральны пракурор, начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта, начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, старшыня Сьледчага камітэту, кіраўнікі КДБ, МУС, МНС, Мытнага камітэту.

Старшыня Міжведамаснай камісіі для супрацьдзеяньня экстрэмізму і барацьбы з тэрарызмам Аляксандар Вальфовіч
Старшыня Міжведамаснай камісіі для супрацьдзеяньня экстрэмізму і барацьбы з тэрарызмам Аляксандар Вальфовіч

Згодна з указам аб стварэньні гэтага органу, камісія мае абласныя філіі, а таксама гарадзкую філію ў Менску. То бок толькі адна гэтая структура мае разгалінаваную сетку філіяў.

«Спэцыялісты» ў кнігах і СМІ

Яшчэ адна структура ў гэтай сыстэме — Рэспубліканская камісія для правядзеньня ацэнкі сымболікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. Акурат гэтая камісія дае «экспэртную» ацэнку матэрыялам, якія суды пасьля прызнаюць «экстрэмісцкімі». У сьпісе такіх матэрыялаў ужо больш за 2 тысячы старонак.

Нядаўна, напрыклад, у гэты сьпіс пасьля экспэртнай ацэнкі камісіі і рашэньня суду Ленінскага раёну Магілёва трапіў сайт расейскай службы BBC.

На падставе ацэнкі гэтай камісіі «экстрэмісцкімі» прызнавалі кнігі клясыка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, творы Вацлава Ластоўскага, творы сучасных аўтараў Уладзімера Арлова і Альгерда Бахарэвіча.

Лілія Ананіч, кіраўнічка Рэспубліканскай камісія для правядзеньня ацэнкі сымболікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі.
Лілія Ананіч, кіраўнічка Рэспубліканскай камісія для правядзеньня ацэнкі сымболікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі.

Узначальвае гэтую камісію колішняя міністарка інфармацыі, дэпутатка Лілія Ананіч. Таксама ў камісію ўваходзяць выкладчыкі, напрыклад, прафэсар катэдры інфармацыйнага права Акадэміі МУС Аляксандар Іваноўскі, навукоўцы — дырэктар установы «Цэнтар даследаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Аляксандар Лакотка. Ёсьць у камісіі філёзафы, ідэолягі і, натуральна, сілавікі.

Паводле дакумэнтаў, камісія працуе наступным чынам: нейкі дзяржаўны орган зьвяртаецца па ацэнку нейкага матэрыялу з гледзішча «экстрэмізму», камісія зьбіраецца і дае «экспэртную» ацэнку. Аднак канчатковае рашэньне ўсё адно за судом. Камісія мае абласныя і менскую гарадзкую філіі, іх рашэньні можна нібыта аспрэчыць праз рэспубліканскую камісію. Працуюць экспэрты на добрааахвотных падставах, то бок заробак за працу камісія ня плаціць.

Экспэртныя камісіі пад кіраўніцтвам чыноўнікаў у Беларусі былі і раней. Яшчэ ў 2008 годзе пастановай ураду стваралася экспэртная камісія для перадухіленьня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці. Яна працавала пры міністэрстве культуры і займалася экспэртнай ацэнкай кнігаў, фільмаў, іншай прадукцыі. Праўда, тады розныя культурныя і мэдыя-прадукты не прызнавалі «экстрэмісцкімі» ў такім маштабе, дый наогул пра масавыя забароны не было вядома. У сьпіс «экстрэмісцкіх» траплялі адзінкавыя матэрыялы. Так, напрыклад, адбылося з альбомам «Прэс-фота» ў 2011 годзе.

Камісія ў пытаньнях вяртаньня

6 лютага 2023 года Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні чарговай камісіі «Аб разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі ў пытаньнях зьдзяйсьненьня імі правапарушэньняў». Гэта так званая «камісія ў пытаньнях вяртаньня». Паводле задумы ўладаў, яна мусіла вырашаць, ці можа чалавек, які ўдзельнічаў у пратэстах, без наступстваў вярнуцца на радзіму ў выпадку, калі ён зьехаў за мяжу.

У дакумэнце запісана, што нібыта «прабачыць» могуць ня толькі правапарушэньні, але і «злачынствы, зьвязаныя з значнымі грамадзка-палітычнымі падзеямі». Вызначана, што грамадзянін мусіць пакаяцца і кампэнсаваць дзяржаве страты, калі такія ёсьць.

Узначальвае камісію генэральны пракурор Дзьмітры Гара, таксама генэральная пракуратура займаецца «матэрыяльна-тэхнічным» забесьпячэньнем дзейнасьці камісіі.

Дзьмітры Гара, кіраўнік так званай «Камісіі па вяртаньні»
Дзьмітры Гара, кіраўнік так званай «Камісіі па вяртаньні»

Апроч генэральнага пракурора, у склад камісіі ўваходзяць яшчэ тры дзясяткі чалавек, сярод іх, напрыклад, дзяржаўны прапагандыст Грыгорый Азаронак, кіраўнік МУС Іван Кубракоў, міністар інфармацыі Марат Маркаў, кіраўнік КДБ Іван Тэртэль, праўладны палітоляг Юры Васкрасенскі, экс-дэпутатка і колішняя кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая ды іншыя. Нібыта рашэньне, ці дазволіць вяртацца чалавеку, ці не, камісія прымае галасаваньнем.

На 2025 год у гэтую камісію, з словаў тагачаснага яе кіраўніка Андрэя Шведа, зьвярнуліся тры сотні чалавек, але зь іх вярнуліся такім чынам толькі 30.

Вядомыя факты, калі людзей судзілі, нягледзячы на зварот у гэтую камісію і станоўчае рашэньне аб вяртаньні. Напрыклад, у лістападзе 2023 году асудзілі 30-гадовага берасьцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь, зьвярнуўшыся ў камісію ў пытаньнях вяртаньня. Яму прызначылі адзін год калёніі за «абразу Лукашэнкі». Пры гэтым суд не прызнаў зварот у камісію «безумоўнай падставай для высновы аб яго раскаяньні».

У сьнежні 2023 году прадзяржаўныя журналісты апублікавалі інтэрвію з Тацьцянай Собаль, якая, як паведамлялі, таксама вярнулася ў Беларусь праз зварот у камісію. Жанчыну прымусілі расказаць, як ёй было дрэнна за мяжой і як яна, «паддаўшыся ўплыву», удзельнічала ў пратэстах у 2020 годзе. У выніку супраць Тацьцяны распачалі крымінальную справу паводле «народнага» артыкулу 342 (удзел у пратэстах).

Нягледзячы на існаваньне разгалінаванай сеткі розных камісіяў, канчатковае рашэньне ў «экстрэмісцкіх» справах прымаюць сілавікі і суды. Адны заводзяць справы, іншыя выносяць прысуды. Таксама сьпісы «экстрэмісцкіх фармаваньняў», імянныя сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» у Беларусі вядуць МУС і КДБ.

«Экстрэмізм у дэмакратычнай краіне — гэта пра гвалтоўныя дзеяньні»

Паводле юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятланы Галаўнёвай, сэнс камісіяў — у каардынацыі дзеяньняў і фармаваньні палітыкі ў дачыненьні да іншадумства. Галоўная міжведамасная камісія падначаленая Савету бясьпекі, яна і вызначае прыярытэты.

«КДБ, МУС беспасярэдне робяць працу ў „супрацьдзеяньні экстрэмізму“, вядуць справы, займаюцца сьпісамі. Суды выносяць рашэньні. А камісіі каардынуюць, дзеляцца інфармацыяй. І падрыхтоўчую працу робяць камісіі, яны ж вырашаюць, на што зьвярнуць увагу. Яны нават не даюць экспэртную выснову ў юрыдычным сэнсе, але расстаўляюць прыярытэты. У суд фактычна прыносяць гатовыя справы з папярэдняй ацэнкай, і суд у межах гэтай інфармацыі дзейнічае», — кажа юрыстка.

У Беларусі дзяржава лічыць «экстрэмізмам» шырокае кола відаў дзейнасьці. Гэта розныя негвалтоўныя дзеяньні, праявы крытыкі і неляяльнасьці да ўладаў, працягвае суразмоўца. У міжнароднай жа практыцы экстрэмізм — гвалтоўнае дзеяньне.

«Калі разглядаць экстрэмізм як гвалтоўнае дзеяньне, то, вядома, ня трэба столькі людзей, каб гэта адсочваць. Таксама калі ўстановы ў дэмакратычнай краіне разглядаюць такія праявы, то не даюць ім ацэнку. Ацэнка застаецца за судом, а яны проста зьбіраюць інфармацыю, сочаць за нейкімі радыкальнымі арганізацыямі», — параўноўвае падыходы юрыстка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG