Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаным за «экстрэмізм» забаранілі працаваць з дзецьмі: у Беларусі ўступілі ў сілу новыя нормы закону


У менскай школе, ілюстрацыйнае фота
У менскай школе, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі пачалі дзейнічаць асобныя палажэньні закону «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня правоў дзяцей», прынятага летась у ліпені. Адна з ключавых навацыяў — забарона на пэдагагічную дзейнасьць для асобаў, засуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».

Паводле закону, людзі, якія зьдзейсьнілі злачынствы, прызнаныя экстрэмісцкімі, страчваюць права працаваць у адукацыі і ў іншых сфэрах, дзе дзейнасьць зьвязаная зь дзецьмі. Праз коску з экстрэмістамі ідуць злачынцы, зьвязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.

Таксама закон прадугледжвае правядзеньне псыхалягічнага сумоўя — як для тых, хто толькі плянуе працаваць з дзецьмі, так і для ўжо дзеючых супрацоўнікаў. Парадак і ўмовы такіх сумоўяў будзе вызначаць урад.

Сярод іншых нормаў, якія ўступілі ў сілу, — абавязак бацькоў абараняць дзяцей ад шкоднай інфармацыі ў інтэрнэце, забарона на распаўсюд цацак без узроставых маркіровак (калі яны зьвязаныя з гульнямі або фільмамі), а таксама дадатковыя гарантыі для дзяцей-сіротаў у сфэры мэдычнага забесьпячэньня.

  • У Беларусі экстрэмізмам прызнаюць дзейнасьць, накіраваную на гвалтоўную зьмену ладу, захоп улады, распальваньне варожасьці, а таксама дзеяньні з выкарыстаньнем экстрэмісцкіх матэрыялаў, абразы дзяржаўных органаў, сымболікі, распаўсюджваньне ілжывых зьвестак аб краіне, перашкоду працы дзяржаўных органаў, у тым ліку ЦВК. Да гэтага прыраўноўваюцца таксама злачынствы, «учыненыя па матывах варожасьці», такія як хуліганства, зьдзек над сымбалямі, супраціў міліцыі, а таксама распаўсюджваньне пэрсанальных дадзеных. Да «экстрэмістаў» у Беларусі адносяць людзей, асуджаных па шырокім коле артыкулаў, нават калі яны не зьвязаныя зь відавочнымі заклікамі да гвалту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG