У Іране пацьвердзілі гібель камандзіра флёту, адказнага за апэрацыі ў Армускай пратоцы

 Адмірал Алірэза Тангсіры, архіўнае фота
Адмірал Алірэза Тангсіры, архіўнае фота

Іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) пацьвердзіў гібель камандзіра Алірэзы Тангсіры ў выніку ізраільскага авіяўдару на мінулым тыдні.

30 сакавіка, празь пяць дзён пасля паведамленьня Ізраілю пра гэтую сьмерць, вэб-сайт КВІР Sepah News паведаміў, што адмірал Алірэза Тангсіры «памёр ад цяжкіх траўмаў» у выніку атакі.

Ізраіль раней заявіў, што камандзір быў забіты ў выніку ўдару па Бандар-Абасе, ключавым паўднёвым партовым горадзе ў Армускай пратоцы.

У заяве КВІР гаворыцца, што Тангсіры быў атакаваны «падчас арганізацыі і ўмацаваньня сілаў і абарончага шчыта астравоў і ўзьбярэжжаў» і памёр «ад цяжкасьці атрыманых траўмаў».

У заяве пра сьмерць Тангсіры КВІР не падаў дадатковых падрабязнасьцяў і не назваў магчымага пераемніка.

У чэрвені 2019 году Міністэрства фінансаў ЗША прызнала Тангсіры міжнародным тэрарыстам.

Вайскова-морскі флёт КВІР суіснуе з рэгулярнымі вайскова-морскімі сіламі Ірану і спэцыялізуецца ў «партызанскай» вайне, часта з выкарыстаньнем хуткасных катэраў, у Пэрсыдзкім заліве і Армускай пратоцы.

​
XS
SM
MD
LG