Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Бяляцкі / Нязломны»

Афіша фільму пра Алеся Бяляцкага
Афіша фільму пра Алеся Бяляцкага

27 сакавіка ў Вільні прайшла прэм’ера дакумэнтальнай стужкі, прысьвечанай беларускаму праваабаронцу і ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму.

Падзею прымеркавалі да 30-годзьдзя праваабарончага цэнтру «Вясна».

Над стварэньнем фільму каманда працавала тры гады, пачынаючы з 2023 году. Рэжысэрам выступіў літоўскі дакумэнталіст Эймантас Бяліцкас, які працуе ў назіральным дакумэнтальным кіно і зьвяртаецца да тэмаў сацыяльнай рэальнасьці, памяці і чалавечых сувязяў. Сцэнар напісала Александрына Глагольева — аўтарка, зьвязаная з праектамі ў сфэры дакумэнтальнага аповеду і правоў чалавека. Кампазытар Андрус Мамантавас дазволіў скарыстаць у фільме сваю музыку задарма.

Фільм зьнялі пры падтрымцы Konrad-Adenauer-Stiftung Belarus Office, Art Power Belarus, taz Panter Stiftung, Marion Dönhoff Stiftung, піша «Вясна».

Літоўская каманда, якая працавала над фільмам, добра ведала пра становішча ў Беларусі. Але аўтары фільму адзначаюць: у далёкіх ад Беларусі краінах людзі не заўсёды добра арыентуюцца ў падзеях.

«У Нарвэгіі да каманды падышоў беларус, які даўно жыве ў замежжы, — узгадваюць аўтары фільму. — Ён памятае „Вясну“, але нічога ня ведаў пра Алеся Бяляцкага. Летась мы трапілі ў Каны, дзе пазнаёміліся з францускімі, паўднёваафрыканскімі, палестынскімі прадусарамі — ніхто ня ведаў пра гісторыю, якую мы расказваем. Таму мы, вядома, плянуем паказваць фільм надалей, каб прыцягваць увагу да краіны. У нас будзе яшчэ адна літоўская прэм’ера, францускія прадусары прапанавалі нам падаваць фільм на фэстывалі клясы А — Каны, Вэнэцыя, Лякарна, Карлавы Вары. Праца ў гэтым кірунку ўжо ідзе».

Фільм пабудаваны як назіраньне за «жывой рэальнасьцю» міжнароднага праваабарончага руху. Асноўную лінію аповеду вядуць дзьве жанчыны — жонка праваабаронцы Натальля Пінчук і блізкая калега Саша Кулаева. Праз успаміны, штодзённыя жэсты і шматгадовы досьвед яны паказваюць, што азначае заставацца побач з чалавекам, калі гісторыя рухаецца не лінейна, а паўтараецца коламі.

На прэм’еры фільму ў Вільні
На прэм’еры фільму ў Вільні

Постаць Бяляцкага раскрываецца таксама праз аповеды ягоных калег. Геаграфія стужкі выходзіць за межы Беларусі, закранаючы падзеі ў Тунісе і Калюмбіі, што дазваляе паказаць гісторыю глябальнай салідарнасьці і нязломнай чалавечай годнасьці.

У фільме зьяўляецца Набіль Раджаб — адзін з найбольш вядомых праваабаронцаў Блізкага Ўсходу. Празь ягоную гісторыю ў стужцы закранаецца тэма салідарнасьці людзей, якія перажываюць зьняволеньне за сваю дзейнасьць. Асобна падкрэсьліваюць досьвед камунікаваньня ў ізаляцыі — у тым ліку ліставаньне «з турмы ў турму». У гэтым кантэксьце гісторыя Раджаба становіцца часткай шырэйшага аповеду пра ўзаемную падтрымку і сувязі нават ва ўмовах ізаляцыі.

У стужцы шырока выкарыстаныя дакумэнтальныя матэрыялы — як публічныя, так і асабістыя. Асобнае месца займаюць кадры зь сямейнага архіву Бяляцкіх, якія надаюць аповеду інтымнасьці і дакладнасьці. Фільм насычаны здымкамі з розных месцаў, зьвязаных з Алесем Бяляцкім, у тым ліку зь сядзібы Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH), якая вядзе міжнародную праваабарончую працу і ў кіраўніцтве якой Алесь быў шмат гадоў.

Калегі Бяляцкага гавораць, што для яго правы чалавека не абстрактная ідэя, а штодзённая практыка і асабістая адказнасьць. У фільме раскрываецца стаўленьне Бяляцкага да парушэньняў правоў чалавека празь яго канкрэтныя ўчынкі і праз успрыманьне ягонай дзейнасьці праваабаронцамі ў розных краінах. Погляд звонку дазваляе ўбачыць маштаб ягонай працы і яе міжнароднае значэньне.

Побач з гэтым у фільме ёсьць і іншая, цішэйшая лінія — жыцьцё Натальлі Пінчук. Яна паказаная як чалавек, які гадамі застаецца побач, падтрымліваючы і падзяляючы цяжар, які нясе Алесь. Яе прысутнасьць у кадры нагадвае пра важнасьць трываласьці і супраціву, якія часта застаюцца нябачнымі.

У стужцы шмат архіўных відэа: судовы працэс 2011 году, моманты вызваленьня, а таксама суд 2023 году. Гэтыя матэрыялы разам зь іншымі дакумэнтальнымі сьведчаньнямі паказваюць, як мяняліся ўмовы, у якіх адбываліся падзеі.

Значная частка фільму прысьвечаная міжнароднай кампаніі падтрымкі ў часе першага зьняволеньня Бяляцкага. Пры гэтым другое зьняволеньне асьветлена значна больш стрымана за першае. Паводле аўтараў, гэтае рашэньне сьвядомае, яно падкрэсьлівае кантраст паміж рознымі пэрыядамі — наколькі адкрытай і даступнай была інфармацыя пра зьняволеных каля пятнаццаці гадоў таму і наколькі абмежаванай яна стала пазьней. У фільме гэта праяўляецца ў дэталях: магчымасьці ліставаньня, адкрытых судовых паседжаньняў, публічнай падтрымкі — у тым ліку падымаць плякаты на судзе і перадаваць перадачы, што сёньня бывае амаль немагчыма.

Нечаканай акалічнасьцю стала тое, што ўжо ў час заканчэньня мантажу Алесь Бяляцкі выйшаў на волю. Гэта надало фільму рэдкую для дакумэнтальнага кіно завершанасьць. Стваральнікі называюць гэта «кінэматаграфічным шчасьцем», вельмі рэдкім для дакумэнтальнага кіно шчасьлівым канцом. Здымачная група змагла зафіксаваць яго ў Вільні, зьняць доўгачаканую сустрэчу Алеся з Натальляй Пінчук у аэрапорце і сустрэчу з Сашай Кулаевай, якая перадала яму відэазвароты людзей, запісаныя ў час працы над фільмам. Так стужка атрымала натуральнае завяршэньне і ўнутранае «закальцоўваньне», у якім асабістая гісторыя зноў злучаецца з калектыўнай памяцьцю і досьведам.

Сам Бяляцкі ня ведаў пра здымкі фільму, пакуль ня выйшаў на волю ў сьнежні 2025 году. Упершыню ён пабачыць гатовую стужку толькі ў траўні на кінафэстывалі ў аўстрыйскім Інсбруку.

«Я хацеў бы падзякаваць усёй камандзе, якая працавала над гэтым фільмам, — адзначыў Алесь Бяляцкі з нагоды прэм’еры. — Вельмі нязвыкла, калі пра цябе здымаюць фільм і ты пра яго нічога ня ведаеш.

Спадзяюся, што гэты фільм пакажа ня толькі трагічны, драматычны лёс беларускіх палітвязьняў, тое, што адбывалася з намі на працягу апошніх пяці гадоў, але таксама раскажа і пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, і пра салідарнасьць, жаданьне дапамагчы адно аднаму ў гэты няпросты час самым-самым розным людзям у розных кутках сьвету. Думаю, фільм дапаможа шырокаму колу гледачоў больш зразумець, што адбываецца ў Беларусі і з палітзьняволенымі, і зь іхнымі роднымі. А таксама тое, што для палітзьняволеных вельмі важная салідарнасьць на ўсіх узроўнях — і праз выяўленчыя сродкі таксама».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG