У відэазвароце, разьмешчаным у сацыяльнай сетцы «ЦікТок», прадстаўніца групы грамадзян кажа, што гэтая арганізацыя «дорыць тое, што нельга купіць за грошы — чалавечы ўдзел, веру ў заўтрашні дзень, веру ў перамогу над хваробай».
«Кожны дзень „КіндэрВіта“ надае неверагодную падтрымку і клопат. Яны радуюць дзетак падарункамі, ладзяць забаўляльныя мерапрыемствы, майстар-клясы. Арганізуюць збор грашовых сродкаў для цяжкахворых дзяцей. Для ўсіх нас „КіндэрВіта“ — гэта ня проста арганізацыя. Гэта — добры чараўнік, які дорыць нашым дзецям радасьць і вяртае бесклапотнае дзяцінства, дзе няма сьлёз, пакут, болю», — падкрэсьліваецца ў звароце.
«КіндэрВіта » была зарэгістраваная 6 траўня 2021 года. Кіраўніца — Надзея Манцэвіч.
Рашэньне аб ліквідацыі прыняло 19 сакавіка 2026 года Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму.
«Для нас гэта поўная нечаканасьць, — гаворыцца ў паведамленьні арганізацыі ў сацсетцы „Інстаграм“. — Афіцыйная фармулёўка: „У сувязі з ажыцьцяўленьнем дзейнасьці, якая не адпавядае мэтам і прадмету дзейнасьці, названым у статуце“... Увесь гэты час мы былі сумленныя перад сабой і перад вамі. Мы стараліся, каб вы бачылі, што дапамога даходзіць па прызначэньні. Мы рыхтавалі і публікавалі тыднёвыя, квартальныя і гадавыя справаздачы. Апублікавалі лічбы па кожным са збораў... На працягу 5 гадоў мы працавалі ў прававым полі краіны. Мы паважаем яе законы, таму і цяпер, як бы гэта ні было балюча, павінны падпарадкавацца патрабаваньням органаў кіраваньня».
«Цягам месяца будзем прыводзіць у парадак справы. Усе наяўныя на рахунках ахвяраваньні разьмяркуем на дапамогу дзецям, якія жывуць у нястачы», — падкрэсьліла арганізацыя.
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, з 2020 года да пачатку лютага 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.012 НКА — аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, піша Позірк.
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод зьліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)
2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.
Форум