Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Ціханоўскай у Кіеў 25 сакавіка не адбудзецца. Яго перанесьлі на няпэўны час

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Тое, што палітык не прыедзе ў Кіеў, як плянавалася, стала вядома за дзень да паездкі.

Візыт лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай ва Ўкраіну адкладзены на нявызначаны тэрмін. Пра гэта 24 сакавіка праграме «Вот Так» паведамілі прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна і крыніца сярод украінскіх дыпляматаў. Паездка павінна была стаць першым афіцыйным візытам Ціханоўскай ва Ўкраіну.

У Кіеў Сьвятлана Ціханоўская хацела прыехаць 25 сакавіка, на Дзень Волі. Там жа яна мусіла сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Дата новага візыту пакуль невядомая.

Прэс-сакратарка лідэркі беларускай апазыцыі Ганна Красуліна ўдакладніла, што «паездка не скасоўваецца, а адкладаецца — проста працягваецца працэс узгадненьня тэрмінаў».

Крыніца «Вот Так» ва ўкраінскіх дыпляматычных колах пацьвердзіла, што візыт Ціханоўскай ва Ўкраіну сапраўды плянаваўся, але быў перанесены з тэхнічных прычынаў, у прыватнасьці празь несупадзеньне графікаў Зяленскага і Ціханоўскай.

Верагодна, візыт лідэркі беларускай апазыцыі быў скасаваны ў апошні момант. Пра гэта на ўмовах ананімнасьці расказаў супрацоўнік аднаго зь беларускіх незалежных мэдыяў. Паводле яго слоў, яшчэ раніцай 24 сакавіка офіс Ціханоўскай запрашаў журналістаў асьвятляць візыт у Кіеў, але затым папрасіў іх «пачакаць».

Апошні раз у двухбаковым фармаце Ціханоўская сустракалася зь Зяленскім у студзені 2026 году ў Вільні.

Пра заплянаваны візыт ва Ўкраіну 20 сакавіка расказвала сама Ціханоўская ў інтэрвію «Эўрапейскай праўдзе». Яна адзначыла, што хацела б прыехаць 25 сакавіка — у Дзень Волі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт на 25 сакавіка быў заплянаваны як адзін з арганізатараў «рэгіянальнага форуму бясьпекі „Шлях да Свабоды“». Арганізатары адзначалі, што падзея будзе прысьвечана «ключавым аспэктам беларускай вызваленчай барацьбы, пагрозам з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пытаньням супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з Украінай і эўрапейскімі партнэрамі».

Да ўдзелу запрашалі ўкраінскіх і заходніх экспэртаў, беларускіх палітычных дзеячаў і добраахвотнікаў, што ваююць за Ўкраіну.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG