Праваабарончыя арганізацыі ў сувязі з інфармацыяй аб выстаўленьні абвінавачаньняў, зьняволеньні і вынясеньні прысудаў паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Уладзіславу Насьцюшкіну, Максіму Лукашэвічу, Артуру Білібуху; паводле арт. 342 і 368 КК («абраза Лукашэнкі») Васілю Прохараву, а таксама аб накіраваньні паводле арт. 342 КК у папраўчую ўстанову Ўладзімера Новіка і Антона Шулякоўскага прызналі ўсіх іх палітвязьнямі.
Правабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязьняў Уладзіслава Насьцюшкіна, Максіма Лукашэвіча, Артура Білібуху, Васіля Прохарава, Уладзімера Новіка, Антона Шулякоўскага і спыніць іх крымінальны перасьлед, а таксама вызваліць усіх палітычных зьняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у пасьлявыбарчы пэрыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Прававая ініцыятыва».
Цяпер у Беларусі, паводле «Вясны», налічваецца 889 палітвязьняў, а паводле ініцыятывы Dissidentby.com — 941.
Форум