Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх сьледчых ізалятарах інфармацыю пра зьняволеных цяпер даюць толькі сваякам

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У беларускіх сьледчых ізалятарах увялі жорсткія абмежаваньні на атрыманьне інфармацыі пра месца знаходжаньня арыштаваных.

Раней дзяжурныя пацьвярджалі або зьняпраўджвалі факт знаходжаньня чалавека ў СІЗА якому-хаця заяўніку. У лютым стала вядома, што ў некаторых СІЗА краіны гэтыя зьвесткі сталі даваць толькі сваякам.

Паводле зьвестак магілёўскага праваабарончага каналу Mayday, такое распараджэньне атрымалі ад начальства дзяжурныя Магілёўскага СІЗА, якое ўваходзіць у склад турмы № 4. Навацыя супала з часам, калі начальнік установы пайшоў у адпачынак.

Вядома было таксама, што такія самыя правілы ўвялі ў СІЗА № 1 у Менску.

Цяпер, у сярэдзіне сакавіка, праваабаронцы даведаліся, што падобныя правілы ўвялі ўва ўсіх сьледчых ізалятарах Беларусі, піша Вясна.

Раней, пакуль прысуд не ўступіў у законную моц і чалавек чакаў апэляцыі, кожны ягоны знаёмы ці сябар мог пазваніць або зайсьці ў СІЗА, каб даведацца, ці не этапавалі вязьня ў калёнію. Гэта было крытычна важна для сем’яў зь іншых гарадоў, бо яны прасілі знаёмых праверыць чалавека, каб ня ехаць сотні кілямэтраў зь цяжкімі перадачамі, часта — дарэмна.

Цяпер жа зьвесткі даюць пры выкананьні дзьвюх умоваў: па-першае, вы павінны быць блізкім сваяком, а па-другое, мусіце прыйсьці або прыехаць асабіста і пацьвердзіць сваяцтва дакумэнтамі.

Такія правілы ствараюць дадатковыя перашкоды сем’ям зьняволеных, асабліва тым, хто жыве далёка ад абласных цэнтраў. Цяпер высьветліць, дзе арыштаваны — у СІЗА ці ўжо ў дарозе ў калёнію, з дапамогаю валянтэраў ці сяброў, як гэта было раней, стала немагчыма ў тых месцах, дзе ўвялі такое правіла.

XS
SM
MD
LG