Па стане на 12 сакавіка 2026 году праваабаронцам вядома ня менш як пра 168 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы паводле стану здароў, падлічыла «Вясна» . Зь іх —
- 60 палітвязьняў маюць цяжкія праблемы з здароўем,
- 8 — інваліднасьць,
- 9 — мэнтальныя разлады,
- 26 — старэйшыя за 60 гадоў,
- 37 — у складаных сямейных абставінах (адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама семʼі, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі).
Найстарэйшы з палітвязьняў — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, якога адправілі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь за абразу Лукашэнкі.
Былыя актывістка АГП Вольга Маёрава рызыкуе цалкам страціць зрок. У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай сьлепаты. Яна зьвярталася па дапамогу, але мэдчастка калёніі адмовіла ў лячэньні. Ёй не перадаюць лекі і мэдыцынскія бандэролі ад родных.
Вольга Чукарава перанесла ў зьняволеньні інсульт і амаль страціла зрок.
Палітзьняволенай Ірыне Лебедзь патрэбная апэрацыя: яна мае праблемы з хрыбетнікам праз множныя кілы ды іншыя ўтварэньні.
У палітвязьня Дзьмітрыя Маставога — трамбоз венаў. У ШЫЗА ў яго апухла нага. Мужчына доўга дамагаўся лекаваньня і летам 2025 году яго адправілі ў Калядзічы, дзе прызначылі мэдыкамэнтознае лекаваньне. Яно, аднак не дало плёну.
Доўгае ўтрыманьне ў ізаляцыі Ціхана Осіпава ўжо прывяло да сурʼёзных праблем са здароўем палітвязьня: дрэннага засваеньня ежы, боляў у вачах, пачашчанага сэрцабіцьця, скачкоў ціску, аслабленага імунітэту.
Ва Ўладзіміра Сітковіча яшчэ на волі праапэравалі ракавую пухліну. Але пасьля затрыманьня ніякіх мэдычных абсьледаваньняў не праводзілі і не дазвалялі прымаць лекі. Незадоўга да арышту палітвязень ляжаў у лякарні праз праблемы зь ціскам.
У Максіма Шуканава — эпілепсія. Паводле непацьверджанай інфармацыі, у СІЗА ў яго было некалькі прыступаў, якія прывялі да траўмаў. Верагодна, ён ня меў магчымасьці прымаць неабходныя прэпараты, якія прадухіляюць прыступы.
У Руслана Слуцкага дабраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў сьпіне, празь якія ён часам ня мог устаць з ложка, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. У лістападзе 2022 году Руслан Слуцкі трапіў у шпіталь з пнэўманіяй.
У 51-гадовай Натальлі Васіленка трэцяя група інваліднасьці. Калі яе прыйшлі браць пад варту, яна выкладала фота з парэзанымі венамі на руцэ. Яе асудзілі да калёніі.
У 33-гадовага Яўгена Гурыновіча, асуджанага на 13 з паловай гадоў калёніі, — міжпазваночная кіла, празь якую ён ня можа доўга сядзець і стаяць. У сувязі з гэтым яго справу вылучылі ў асобную вытворчасьць і разглядалі па месцы ўтрыманьня зьняволенага. Падчас затрыманьня сілавікі жорстка яго пабілі і сурʼёзна пашкодзілі яму сьпіну. Пасьля гэтага, кажуць праваабаронцы, ён доўгі час ня мог хадзіць і быў вымушаны карыстацца інвалідным вазком і мыліцамі. Боль быў настолькі моцны, што яго неаднаразова зьмяшчалі ў шпіталь у Калядзічах. Лекары доўгі час адмаўляліся прызнаваць інваліднасьць, але ўрэшце зрабілі гэта.
Журналісту зь Берасьця Алегу Супрунюку, які мае інваліднасьць па слыху, у калёніі не дазволілі карыстацца слыхавым апаратам.
«Вясна» распавяла таксама яшчэ пра больш за 20 палітзьняволеных, якія знаходзяцца ва ўразьлівым стане. Юрыст праваабарончага цэнтру Павал Сапелка кажа, што датэрміновае вызваленьне гэтых людзей мусіць быць найхутчэйшым і безумоўным.
«Мы асабліва падкрэсьліваем: для тых, хто з прычыны стану здароўя і наяўнасьці цяжкіх захворваньняў адчувае асаблівыя пакуты, чыё жыцьцё пастаўленае ў небясьпеку, вызваленьне ня можа быць прадметам уладных маніпуляцый, палітычных дыскусій і інсынуацый. Яно павінна адбыцца неадкладна, у якасьці першага кроку да сапраўднага нацыянальнага прымірэньня, каб не абцяжарваць немінучую адказнасьць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасьці», — мяркуе Павал Сапелка.
Форум