Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскім і менскім сьледчых ізалятарах інфармацыю пра зьняволеных пачалі даваць толькі сваякам

Турма ў Магілёве, архіўнае фота
Турма ў Магілёве, архіўнае фота

У некаторых беларускіх сьледчых ізалятарах пачалі ўводзіцца жорсткія абмежаваньні на атрыманьне інфармацыі пра месцазнаходжаньне арыштаваных.

Раней дзяжурныя пацьвярджалі або зьняпраўджвалі факт перабываньня чалавека ў СІЗА любому заяўніку. Але цяпер у некаторых СІЗА краіны гэтыя зьвесткі даступныя толькі для сваякоў.

Паводле зьвестак магілёўскага праваабарончага каналу Mayday, такое распараджэньне на пачатку тыдня атрымалі ад начальства дзяжурныя Магілёўскага СІЗА, якое ўваходзіць у склад Турмы № 4. Навацыя супала з часам, калі начальнік установы пайшоў у адпачынак.

Вядома таксама, што такія самыя правілы ўвялі ў СІЗА № 1 у Менску.

Раней, пакуль прысуд не ўступіў у законную моц і чалавек чакаў апэляцыі, любы ягоны знаёмы ці сябар мог патэлефанаваць альбо зайсьці ў СІЗА, каб даведацца, ці не этапавалі вязьня ў калёнію. Гэта было крытычна важна для сем’яў з іншых гарадоў, бо яны прасілі знаёмых праверыць чалавека, каб ня ехаць сотні кілямэтраў зь цяжкімі перадачамі, часта дарэмна.

Цяпер жа зьвесткі даюць пры выкананьні дзьвюх умоваў: па-першае, вы павінны быць блізкім сваяком, а па-другое, мусіце прыйсьці або прыехаць асабіста і пацьвердзіць сваяцтва дакумэнтамі.

Такія правілы ствараюць дадатковыя перашкоды сем’ям зьняволеных, асабліва тым, хто жыве далёка ад абласных цэнтраў. Цяпер высьветліць, дзе арыштаваны — у СІЗА ці ўжо ў дарозе ў калёнію, з дапамогаю валянтэраў ці сяброў, як гэта было раней, стала немагчыма ў тых месцах, дзе ўвялі такое правіла.

Варта адзначыць, што на гэты момант забарона не паўсюдная. У ізалятарах некаторых іншых гарадоў ранейшы парадак пакуль захоўваецца, што можа сьведчыць пра паступовае тэставаньне новай сыстэмы абмежаваньняў.

Раней стала вядома пра праблемы вязьняў у новым СІЗА-1 у Калядзічах пад Менскам. Там зьявіліся цяжкасьці з дастаўкай лістоў і перадач, а таксама з забесьпячэньнем матрацамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG