Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянка Латвіі расказала пра 18 месяцаў у СІЗА КДБ, у тым ліку ў «мяккім пакоі»

Будынак КДБ Беларусі ў Менску, у двары якога разьмяшчаецца СІЗА. Архіўнае фота
Будынак КДБ Беларусі ў Менску, у двары якога разьмяшчаецца СІЗА. Архіўнае фота

Грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка прыехала ў Беларусь на некалькі дзён, каб зрабіць касмэтычную апэрацыю. Пасьля гэтага яна правяла 18 месяцаў у СІЗА КДБ і каля двух гадоў — у гомельскай калёніі № 4, бо яе асудзілі за «агентурную дзейнасьць».

Па датэрміновым вызваленьні Ала Сакаленка распавяла праваабаронцам «Вясны» пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА КДБ, у тым ліку пра «мяккі пакой», які выкарыстоўваюць для ціску на падсьледных. Яна таксама паведаміла пра тое, як яе абмяжоўвалі ў камунікацыі з сям’ёй ды консульскімі службамі.

Арышт

У сакавіку 2022 году Беларусь Ала Сакаленка прыехала з сяброўкай. Жанчыны разьлічвалі, што дадуць рады справам за чатыры дні і пасьля невялікай апэрацыю адразу паедуць дамоў. Але калі Сакаленка з сяброўкай ужо адʼяжджалі, да іх падышлі супрацоўнікі КДБ і паведамілі пра затрыманьне.

«Падчас допыту высьветлілася, што мяне ўзялі ў закладнікі для абмену на беларуса, які знаходзіўся ў Латвіі. Мне наўпрост сказалі: „Давядзіце да сваіх, што беларусам патрэбны іх чалавек“. Яны хацелі, каб мае сваякі зьвязаліся са спэцслужбамі Латвіі для арганізацыі абмену. Маю сяброўку, грамадзянку Расеі, адпусьцілі на трэці дзень, а я засталася як грамадзянка Латвіі», — распавяла Ала Сакаленка.

Алу абвінавачвалі ў тым, што яна прыехала ў Беларусь нібыта з мэтай выведкі, а касмэтычная апэрацыя — гэта проста падстава. Паводле вэрсіі сьледзтва, яна зьбірала выведвальную інфармацыю па заданьні куратараў латвійскіх спэцслужбаў, шпіёніла і нават вэрбавала беларускіх вайскоўцаў для ўкраінскай арміі. Сама жанчына сьцьвярджае, што размаўляла толькі з працаўнікамі аптэк і крамаў. Сьледзтва спрабавала знайсьці зачэпкі ў яе сацсетках, і каля 20 допытаў правялі толькі паводле перапісак Алы.

Грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка на допыце
Грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка на допыце

«Гэта абсурд, — кажа грамадзянка Латвіі. — Я казала ім, што нічога ня ведаю, мне казалі, каб я ўспамінала. А як я магу ўспомніць, калі я ніколі не ведала нічога ні пра якія спэцслужбы? Мне казалі: „Не ўспомнілі? Тады ідзём у камэру і ўспамінаем“. І так трымалі пяць, шэсьць месяцаў і не выклікалі».

18 месяцаў у «амэрыканцы»

Сьледзтва па справе Алы Сакаленка доўжылася 18 месяцаў — максымальна магчымы тэрмін паводле закону. Жанчыне ставілі ўльтыматум: калі яна прызнае віну ў агентурнай дзейнасьці (тым самым пацьвердзіўшы ўдзел у шпіянажы), яе пасадзяць на тры гады, калі не — на сем гадоў. Яна адмовілася прызнаваць віну і гэтым агаворваць сябе.

Псыхалягічны ціск над ёй не спыняўся ані на гадзіну, кажа Ала Сакаленка.

«У іх проста ў кабінэце на сьцяне вісеў плякат: «Калі вы яшчэ на волі, гэта не ваша заслуга, а наша недапрацоўка», — успамінае жанчына.

18 месяцаў сьледзтва Сакаленка правяла ў СІЗА КДБ. Паалдое Алы, у будынку СІЗА 18 камэр, і амаль ва ўсіх замест прыбіральні — вядро.

«Гэта частка сыстэмы прэсінгу, каб зламаць чалавека, прымусіўшы яго спраўляць патрэбу навідавоку ў сукамэрнікаў, — успамінае Ала. — Пэрсанал паводзіць сябе па-хамску, дваццацігадовыя хлопчыкі зьвярталіся да мяне „Гэй, ты, падышла“. Акрамя таго, камэры там ідуць па коле, па якім увесь час гуляе кантралёр і зазірае ў кожную камэру. Гэта значыць, што ў тваю камэру пастаянна нехта зазірае».

«Мяккі пакой» у падвале СІЗА

За любое «парушэньне» (ня так паглядзела, не ў час стала за лінію, за якой трэба было шыхтавацца кожны раз, калі хтосьці заходзіў у камэру) маглі спусьціць у «мяккі пакой» у падвале, распавяла Ала Сакаленка.

Паводле ўспамінаў жанчыны, «мяккі пакой» — гэта памяшканьне бяз вокнаў, са сьценамі ды падлогай, абітымі дывановым пакрыцьцём, у паўзмроку.

«Пасьля трох-чатырох дзён там звычайная камэра здаецца раем. Мяне спускалі туды каля пяці разоў за „няправільныя“ позіркі або размовы падчас праверак», — таксама згадала пра «мяккі пакой» грамадзянка Латвіі Сакаленка.

Праваабаронцы і журналісты не ўпершыню атрымліваюць сьведчаньні пра «мяккі пакой» у СІЗА КДБ ад былых палітзьняволеных. Паводле гэтых сьведчаньняў там на толькі вязьняў падвяргаюць адмысловаму псыхалагічнаму ціску, але зьбіваюць і катуюць. Вось што распавядаў Свабодзе пра «мяккі пакой» былы палітвятвязень Аляксей Капліч.

«У СІЗА КДБ ставілі на расьцяжку, заводзілі ў „мяккі пакой“: там са столі зьвісае кручок і лябёдка. Кайданкі, што ў мяне за сьпінай, карабінам прышпільваюць да ланцуга і падымаюць тую лябёдку, у мяне пункт апоры — толькі пальцы на нагах. Ну і білі пастаянна», — казаў Аляксей Капліч пра сваё знаходжаньне ў «мяккім пакоі».

Сустрэча з консулам — праз год пасьля арышту

Першыя паўтара месяца зьняволеньня ў Латвіі ня ведалі, дзе знаходзіцца Ала. Яна не магла адправіць ліст у Эўропу, бо ў яе не было патрэбных канвэртаў. Латвійскае МЗС ды Інтэрпол дасылалі запыты ў Беларусь, але КДБ іх ігнараваў. У жанчыны атрымалася адправіць ліст дадому, толькі калі яна дамаглася, каб эўра, якія былі пры ёй пры затрыманьні, памянялі на беларускія рублі, а грошы перавялі ёй на рахунак.

Ала Сакаленка
Ала Сакаленка

Сустрэцца з консулам Але Сакаленка дазволілі толькі праз год пасьля арышту:

«Каб убачыцца зь ім, мне давялося пайсьці на хітрасьць, — успамінае Ала. — Я сказала, што мне трэба аформіць даверанасьць, інакш дзеці ня змогуць плаціць за маю кватэру дома, ды за адваката.

Сустрэча прайшла пад наглядам супрацоўніка КДБ, які перад гэтым нагадаў, каб я перадала консулу патрабаваньне аб абмене.

Мой малодшы сын, як толькі яму споўнілася 18 гадоў, сам стаў езьдзіць у Беларусь, каб рабіць мне перадачы і пераводзіць грошы на рахунак.

Спатканьні ў СІЗА КДБ не дазволілі, мы пабачыліся, толькі калі я была ў калёніі».


Суд быў закрытым, консула не дапусьцілі

У выніку ў канцы 2023 году Менскі гарадзкі суд асудзіў Алу Сакаленка да сямі гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу 358-1 Крымінальнага кодэксу аб агентурнай дзейнасьці. Працэс вяла судзьдзя Анастасія Папко. Пасяджэньне было закрытым, на яго не дапусьцілі нават консула Латвіі. Паводле Алы Сакаленкі перад абвяшчэньнем прысуду судзьдзя не хавала, што напярэдадні наведала КДБ, каб «удакладніць нейкія моманты».

Пакараньне Ала Сакаленка адбывала ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі, беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

Грамадзянку Латвіі вызвалілі 13 сьнежня 2025 году ў складзе групы з 123 былых палітзьняволеных разам ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі Алесем Бяляцкім.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG