Удар па авіярамонтным заводзе ў Ноўгарадзкай вобласьці Расеі пацьвярджаюць спадарожнікавыя фота

Адна з украінскіх атак па расейскім Саратаве. Ілюстрацыйнае фота
Адна з украінскіх атак па расейскім Саратаве. Ілюстрацыйнае фота

Спадарожнікавыя фота пацьвердзілі ўдар па авіярамонтным заводзе ў Ноўгарадзкай вобласьці Расеі.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, на фота, зробленым 17 сакавіка, можна пабачыць тры адтуліны ў даху аднаго з ангараў 123-га авіярамонтнага заводу ў горадзе Старая Руса. Але пакуль невядома, ці былі ў ім на момант удару самалёты. Мясцовыя каналы паведамлялі пра 7 бесьпілётнікаў, якія пацэлілі ў першы цэх заводу.

123-ы авіярамонтны завод пазыцыянуе сябе «лідэрам сэрвіснага абслугоўваньня транспартных самалётаў вайсковай і цывільнай авіяцыі Расеі». На ім праводзяць поўны цыкль рамонту самалётаў, усіх іх сыстэмаў і рухавікоў. Завод — найбольшае прадпрыемства ў Старарускім раёне Ноўгарадзкай вобласьці.

Украінскі бок гэты ўдар не камэнтаваў.

Украінскія сілы атакуюць дронамі і часам ракетамі вайсковыя расейскія аб’екты на тэрыторыі Расеі і на акупаваных ёю тэрыторыях Украіны.

Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны большасьць атак пацьвярджаў і заяўляў, што сілы абароны Ўкраіны «сыстэмна рэалізуюць захады, накіраваныя на зьніжэньне баявога патэнцыялу расейскіх акупацыйных войскаў, а таксама на прымус Расеі да спыненьня ўзброенай агрэсіі супраць Украіны».


​
XS
SM
MD
LG