Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аэрапорт Дубаю пацярпеў ад удару бесьпілётніка, на нейкі час ён спыняў працу

Агонь і дым над аэрапортам Дубаю, 16 сакавіка 2026 году
Агонь і дым над аэрапортам Дубаю, 16 сакавіка 2026 году

Раніцай 16 сакавіка аэрапорт Дубаю аднаўляе рэйсы пасьля пажару, выкліканага дронам.

Міжнародны аэрапорт Дубаю паступова аднаўляе рэйсы пасьля часовага прыпыненьня працы з прычыны пажару, выкліканага бесьпілётнікам, паведамілі ўлады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў 16 сакавіка. Яны падкрэсьлілі, што рызыкі для авіяцыі падчас вайны ЗША і Ізраілю з Іранам застаюцца.

Канфлікт парушыў глябальныя авіяперавозкі, прывёў да масавых іх скасаваньняў і перанакіраваньняў, бо значная частка паветранай прасторы Блізкага Ўсходу застаецца закрытай, а цэны на паліва рэзка ўзрасьлі.

У выніку атакі ў Дубаі быў пашкоджаны паліўны бак каля аэрапорту, але ніхто не пацярпеў.

Авіякампаніі Emirates і flydubai ненадоўга спынілі працу, перанакіраваўшы некаторыя рэйсы ў міжнародны аэрапорт Аль-Мактум, і чакалі частковага іх аднаўленьня з 10:00 мясцовага часу.

Гэта быў трэці ўдар па аэрапорце з пачатку іранскіх атак па краінах Пэрсыдзкай затокі 28 лютага, цэлямі якіх былі абʼекты, зьвязаныя з дыпляматычнымі місіямі і вайсковымі базамі ЗША, а таксама цывільная інфраструктура.

Сыстэмы супрацьпаветранай абароны Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў зноў пераймалі іранскія ракеты і бесьпілётнікі раніцай 16 сакавіка, паведаміла Міністэрства абароны краіны.

«Сыстэмы супрацьпаветранай абароны ААЭ ў цяперашні час рэагуюць на ракетныя і дронавыя пагрозы з боку Ірану», — паведаміла міністэрства.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

XS
SM
MD
LG