Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя затрымала яшчэ адзін нафтавы танкер, які рухаўся ў Расею

Нафтавы танкер. Ілюстрацыйнае фота
Нафтавы танкер. Ілюстрацыйнае фота

Берагавая ахова Швэцыі ўвечары 12 сакавіка затрымала нафтавы танкер Sea Owl I ля берагоў Трэлеборга ў Балтыйскім моры.

Паводле сэрвісу Marine Traffic, зараз судна стаіць у Балтыйскім моры. 15 лютага яно выйшла з порта Сантаса (Бразылія) і 15 сакавіка павінна было прыбыць у порт Прыморска (Расея). Танкер ходзіць пад сьцягам Каморскіх астравоў.

У Берагавой ахове Швэцыі заявілі, што Sea Owl I не зарэгістраваны ў іх судовым рэестры, знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ і ходзіць пад ілжывым сьцягам, таму фактычна няма дзяржавы, якая магла б гарантаваць яго бясьпеку. Пачата папярэдне расьсьледаваньне, зьвязанае з прыдатнасьцю судна да плаваньня.

«Рызыка парушэньняў бясьпекі на борце высокая. На гэтай падставе судну ня можа быць дазволены мірны праход. Пагроза марской бясьпекі і навакольнаму асяродзьдзю занадта высокая. Такім чынам, ёсьць падставы для ўмяшаньня», — заявіў намесьнік начальніка апэратыўнага аддзела Берагавой аховы Даніэль Стэнлінг.

Пасьля затрыманьня судна на яго борт падняліся прадстаўнікі швэдзкай Берагавой аховы для правядзеньня ператрусу і допыту.

Па дадзеных швэдзкіх улад, танкер Sea Owl I, пабудаваны ў 2007 годзе, у апошнія гады перавозіў нафтапрадукты паміж Расеяй і Бразыліяй.

На мінулым тыдні Швэцыя затрымала грузавое судна Caffa, якое ехала з Касаблянкі ў Пецярбург. Судна ішло пад сьцягам Гвінеі, аднак швэдскія ўлады лічаць яго «суднам без грамадзянства». Капітан Caffa, грамадзянін Расеі, падазраецца ў выкарыстаньні падробленых марскіх сэртыфікатаў, парушэньні марскога заканадаўства і закона аб бясьпецы судоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG